BE RU EN

Менчукі скардзяцца на пах дыму і гару

  • 10.01.2017, 12:12

Над горадам назіраецца смог, у тым ліку праз перавышэнне канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў у паветры.

Пра гэта парталу tut.by распавялі ў Службе радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу Гідрамета.

Спачатку спецыялісты не прагназавалі такой сітуацыі: больш тыдня ў Менску назіраўся паўночны вецер — адзін з самых спрыяльных, бо ў гэтай частцы горада няма прадпрыемстваў і відавочных крыніц уздзеяння на атмасферу. Ён ствараў прыток халоднага паветра.

Але, імаверна, паўплывалі моцныя маразы напярэдадні — у прыватным сектары і прыгарадзе павялічыўся расход паліва на абаграванне, і адпаведна выкіды.

У выніку паўночны вецер прынёс забруджванне ў горад. І першым стаў мікрараён Уручча — там зафіксаваныя перавышэнні гранічна-дапушчальных канцэнтрацый (ГДК) аксіду азоту і аксіду вугляроду ў 1,5−2 разы. Усё гэта адбываецца кароткачасовымі перыядамі прыкладна па 20 хвілін, пасля чаго рассейваецца і ўзнікае зноў. Паводле іншых паказчыкаў перавышэнняў няма.

У астатніх раёнах таксама зафіксаваны рост паказчыкаў, але перавышэння ГДК няма. Усе змены, дарэчы, можна адсочваць у жывым эфіры на сайце Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.

Імаверна, сітуацыя зменіцца разам з надвор'ем да чацвярга. Хоць прыток цёплага паветра (прагназуюць пацяпленне сіноптыкаў) не зусім спрыяльны для горада пасля рэзкага пахаладання.

«Скажам так, вінаваціць прадпрыемствы Менска ў гэтай сітуацыі будзе няправільна. Тым не менш ім ужо накіраваны папярэджанні пра недапушчэнне дадатковага забруджвання атмасферы», — распавяла начальніца інфармацыйна-аналітычнага аддзела маніторынгу атмасфернага паветра Багдана Казярук.

Пах гару адчуваецца ў многіх раёнах Менска, некаторыя жыхары скардзяцца на галаўны боль. Такая сітуацыя сёння адзначаецца не толькі ў сталіцы.

Нагадаем, што ў Польшчы з нядзелі над Варшавай і Кракавам праз зацішнае надвор'е таксама ўтварыўся смог — перавышаныя ПДК што да ўтрымання ў паветры цвёрдых часціц. Пры гэтым улады не хаваюць ад насельніцтва праблемы. Наадварот, жыхарам рэкамендуецца выкарыстоўваць маскі і абмяжоўваць прагулкі на вуліцы. У некаторых школах скасаваныя заняткі. Грамадскі транспарт часова стаў бясплатным, каб знізіць колькасць выхлапных газаў ад асабістых аўтамабіляў.

Апошнія навіны