Памёр рэжысёр Валеры Панамароў, які экранізаваў Купалу і Быкава
- 10.01.2017, 11:50
Рэжысёр памёр на 74-ым годзе жыцця.
Фільм «На чорных лядах», прысвечаны Слуцкаму паўстанню, адразу пасля завяршэння працы ў 1995 годзе быў «пакладзены на паліцу», паведамляе «Радыё Свабода».
Валерый Панамароў нарадзіўся 27 траўня 1943 года ў горадзе Юрга Кемераўскай вобласці. У 1962 годзе скончыў у Менску Рэспубліканскія тэатральныя курсы, у 1969-м - акторсі факультэт Тэатральнага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Стажыраваўся ў Леаніда Гайдая і Георгія Данэлі.
Спачатку Панамароў працаваў рэжысёрам у Купалаўскім тэатры, а пазней перайшоў працаваць у кіно. Пачынаў як камедыйны рэжысёр. Экранізаваў «Мудромер», «Амнистию» Мікалая Матукоўскага. У яго камедыях здымаліся Ралан Быкаў, Георгій Буркоў, Алена Санаева, Мікалай Яроменка і іншыя вядомыя акторы.
На пачатку 1990-х зняў два адметныя фільмы – «Тутэйшыя» (1992) і «На чорных лядах» (1995), створаныя па творах Янкі Купалы і Васіля Быкава.
Фільм «На чорных лядах» быў пакладзены на паліцу. Як пісала «Народная воля», у дзень прэм'еры з ахоўнай фільматэкі кінастудыі хтосьці выкраў адзіную копію фільма...
«На чорных лядах» кінагледачам ніколі і нідзе не паказваўся, акрамя двух сеансаў ў Доме літаратара ў 1995 годзе і паказу для вядучых кінакрытыкаў Расеі ў Маскве ў 1996 годзе. Цяпер яго можна паглядзець у інтэрнэце.
Пасля гэтага рэжысёр Валеры Панамароў нічога не здымаў.