BE RU EN

Дзмітрый Гурскі: Льготы ўжо не ўспрымаюцца айцішнікамі як манна нябесная

  • 10.01.2017, 11:42

Вострая дыскусія разгарэлася ў сацыяльных сетках у пытанні льготнага рэжыму для рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій.

Вядомы ў сферы IT бізнэсовец Дзмітрый Гурскі выказаў меркаванне, што на фоне канкурэнцыі на сусветным рынку інфармацыйных паслуг існуючыя ў Беларусі льготы ўжо не ўспрымаюцца айцішнікамі як манна нябесная, а хутчэй з'яўляюцца мінімальнымі ўмовамі для існавання гэтай сферы ў краіне, піша zautra.by.

– Цяпер гэта бізнэс з вельмі невялікай маржой, якую яшчэ і даводзіцца жорстка выгрызаць, – заўважыў ён. – Вельмі нярэдка карціна, калі ўладальнік невялікага або сярэдняга аўтсорсера зусім не багацейшы за сваіх найлепшых работнікаў.

Экспэрт таксама папярэдзіў аб магчымых наступствах, з якімі сутыкнецца беларуская эканоміка ў выпадку рэзкага скасавання ільгот для кампаній ПВТ. На ягоную думку, гэта выкліча эміграцыю найлепшых спецыялістаў, сыход часткі айцішнікаў у фрыланс і індывідуальнае прадпрымальніцтва.

Трэба працягваць зніжэнне падаткаў або захоўваць цяперашнія ўмовы для айцішнікаў?

Злотнікаў: Кваліфікаваным IT-спецыялістам сёння грэх скардзіцца

На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, сёння самая значная нагрузка на беларускіх айцішнікаў кладзецца ў выглядзе падаходнага падатку.

– І я б не сказаў, што гэта занадта вялікая нагрузка, – заўважае экспэрт. – У такіх умовах дасведчаным і кваліфікаваным праграмістам, напэўна, грэх скардзіцца. Калі ж гаворка ідзе пра нізкакваліфікаваную рабочую сілу, якая, як гаворыцца, працуе «на падхваце» – то ім сапраўды даводзіцца няпроста.

Экспэрт уважае, што сёння беларускім праграмістам больш выгадна працаваць унутры краіны, чым спрабаваць перамясціцца ў іншую юрысдыкцыю.

– Калі беларускі айцішнік з'едзе ў іншую краіну – напрыклад, Вялікабрытанію або Злучаныя Штаты – і паспрабуе зарабляць там, то акажацца, што яго заробкі не нашмат вышэйшыя, чым у Беларусі. Разам з тым, істотна ўзрастуць выдаткі на ўтрыманне і пражыванне. Так што, дай бог, каб яны тут ўтрымалі хоць бы тыя ўмовы, якія ў іх ёсць, – падкрэслівае Леанід Злотнікаў.

Апошнія навіны