BE RU EN

Бортправаднікі British Airways пачалі двухдзённы стайк

  • 10.01.2017, 10:21

У акцыі возьмуць удзел больш за 2 тысячы супрацоўнікаў авіякампаніі.

Двухдзённы страйк бортправаднікоў British Airways можа паўплываць на рэйсы авіякампаніі з лонданскага аэрапорта Хітроў у аўторак і ў сераду, паведамляе расейская служба ВВС.

У страйку возьмуць удзел больш за 2 тысячы супрацоўнікаў авіякампаніі - сябраў прафсаюза Unite. Яны дамагаюцца павышэння заробкаў для сцюардэс, якія абслугоўваюць так званыя «камбінаваныя рэйсы» - тыя, якія аб'ядноўваюць кароткія і доўгія пералёты.

Паводле звестак Unite, кіраўніцтва British Airways абяцала, што гадавы заробак бортправаднікоў на «камбінаваных рэйсах», прынятых на працу пасля 2010 года, складзе ад 21 тыс. да 25 тыс. фунтаў стэрлінгаў (ад 25 да 30 тыс. даляраў). Пры гэтым на практыцы супрацоўнікі атрымліваюць 12 тыс. фунтаў плюс 3 фунта за кожную гадзіну палёту.

Раней бортправаднікі адмовіліся ад павышэння акладаў на 2%, патрабуючы падняць рэальны заробак да таго ўзроўню, які ім абяцалі пры прыёме на працу.

Прадстаўнік Unite Олівер Рычардсан заявіў, што бортправаднікі, якія абслугоўваюць «камбінаваныя рэйсы», вымушаныя ісці на другую працу або прыходзяць на службу непрыдатнымі да палёту. «У той час як кампанія British Airways прагназуе гадавы прыбытак у раёне 2,3 млрд фунтаў, становіцца ясна, што нацыянальны перавозчык Вялікабрытаніі можа плаціць годны заробак людзям, якія забяспечваюць нашу бяспеку, пакуль мы ляцім», - дадаў ён.

У British Airways заявілі, што страйк не паўплывае на працу лонданскіх аэрапортаў Хітроў, Гэтвік і Лондан-Сіці. «Ва ўсіх кліентаў British Airways будзе магчымасць вылецець у пункты прызначэння ў аўторак, 10 студзеня, і ў сераду, 11 студзеня, нягледзячы на акцыю, запланаваную Unite», - гаворыцца ў паведамленні авіякампаніі. British Airways абяцае, што ўсе рэйсы ў аэрапортах Лондан-Сіці і Гэтвік будуць адпраўляцца і прымацца ў звычайным рэжыме.

У Хітроў жа ў звычайным рэжыме будзе адпраўлена і прынятая «пераважная большасць» рэйсаў, заявілі ў авіякампаніі. Гэта значыць, што некаторым пасажырам давядзецца вылецець трохі раней ці пазней запланаванага часу - British Airways наважыла сумясціць частку рэйсаў праз страйкі.

Калі двухдзённы страйк нічога не зменіць, Unite можа прагаласаваць за правядзенне новых падобных акцый або будзе шукаць іншыя формы пратэсту.

Апошнія навіны