У маразы ў Маладзечне і Слуцку людзі аказаліся без цяпла і вады
- 10.01.2017, 10:15
На Міншчыне за мінулыя дні былі зафіксаваныя некалькі прарываў трубаправодаў.
У выніку тысячы чалавек у марознае надвор'е заставаліся без ацяплення і вады, паведамляе прэс-служба Менскага абласнога ўпраўлення МНС.
Раніцай 9 студзеня, а 10.15, выратавальнікам паведамілі, што ў Маладзечне на вуліцы Сухой прарвала трубаправод халоднага водазабеспячэння. У выніку без халоднай і гарачай вады засталіся 9 шматкватэрных жылых дамоў (1693 жыхары), а 36 прыватных дамоў (87 чалавек) засталіся без халоднай вады. Аднавіць падачу вады ўдалося а 14 гадзіне. Дагэтуль быў арганізаваны падвоз вады.
Уначы, а 24 гадзіне, маладзечанскіх выратавальнікаў зноў выклікалі на прарыў трубаправода. На гэты раз у пасёлку Беразінскае прарвала цеплатрасу. Без цяпла і гарачай вады аказаліся 9 шматкватэрных жылых дамоў (255 чалавек). Аднавіць падачу цяпла і гарачай вады ўдалося а 3.30.
Таксама ў ноч на 10 студзеня аварыя адбылася ў Слуцку. А 4.43 раніцы выратавальнікам паведамілі, што на цеплатрасе на вуліцы 14 Партызан пашкоджана запорная арматура. Без гарачай вады і цяпла заставаліся дзіцячы сад, школа, 50 шматкватэрных жылых дамоў, у якіх пражывае 14 тысяч чалавек. Падачу цяпла ўдалося аднавіць а 6.20 раніцы.