Сенатары ЗША рыхтуюць законапраект аб усёабдымных санкцыях супраць РФ
- 10.01.2017, 9:38
У Палаце прадстаўнікоў законапраект падтрымліваюць больш чым 180 заканадаўцаў.
Амерыканскі сенатар ад Рэспубліканскай партыі Джон Макейн, а таксама сенатары-дэмакраты і Бэн Кардзін і Роберт Менендэс абвясцілі аб гатоўнасці прэзентаваць законапраект, які ўключае ў сябе «ўсёабдымны» пакет санкцый супраць Расеі за ўмяшанне ў прэзідэнцкія выбары ЗША, паведамляе «Голос Америки».
Сенатары Бэн Кардзін і Эмі Клобушар і кангрэсмэны Эладжа Камінгс і Эрык Сволвел заявілі, што ўнеслі законапраекты, якія прадугледжваюць стварэнне незалежнай камісіі, мэтай якой будзе расследаванне замежнага ўмяшання ў выбары ЗША.
Пад замежным умяшаннем маюцца на ўвазе атакі расейскіх хакераў на аб'екты палітычнай інфраструктуры Злучаных Штатаў, а таксама ўкіду ў інфармацыйную прастору ЗША фальшывак з мэтай паўплываць на настроі выбарцаў.
У Палаце прадстаўнікоў законапраект падтрымліваюць больш чым 180 заканадаўцаў, у Сенаце – блізу 10-ці. У ліку ініцыятараў праекта няма ні аднаго рэспубліканца, аднак Эмі Клобушар падкрэсліла, што шэраг рэспубліканскіх заканадаўцаў выступае ў падтрымку гэтай ініцыятывы.
Сенатар Бэн Кардзін падкрэсліў, што ЗША падпалі пад напад, і «справы больш немагчыма весці, як звычайна». У якасці прыкладу дакладнай рэакцыі ён прывёў незалежную камісію, створаную Кангрэсам для аналізу прычын тэрактаў 11 верасня 2001 года. Кардзін адзначыў, што гаворка ідзе аб тым, каб прааналізаваць недахопы існуючай сістэмы, бо адміністрацыя новага прэзідэнта Дональда Трампа можа падпасці пад такую атаку.
Сенатарка Эмі Клобушар вярнулася з паездкі па краінах Балтыі і Украіне, дзе ёй распавялі, што гэтыя дзяржавы даўно сутыкаюцца з такімі дзеяннямі Расеі. «Гаворка ідзе не аб адной – нашай –партыі. І не пра адны выбары. І не аб адной краіне», – падкрэсліла яна.
Кангрэсмен Эрык Сволвел папярэдзіў: «Атака была праведзена на загад дыктатара Пуціна. І Расея мае намер зрабіць гэта зноў».
У ЗША незалежныя двухпартыйныя камісіі Кангрэса звычайна маюць значныя паўнамоцтвы; яны здольныя правесці паўнавартаснае і сур'ёзнае расследаванне, і іх рэкамендацыі ў большасці выпадкаў увасабляюцца ў жыццё.
Раней апарат дырэктара нацыянальнай выведкі ЗША апублікаваў несакрэтную частку дакладу пра умяшанне Расеі ў прэзідэнцкія выбары ў ЗША. Як адзначалася, гэты даклад пераканаў Дональда Трампа ў тым, што расейскія хакеры сапраўды ладзілі кібератакі.