BE RU EN

Чыжа адлучылі ад каньяку і віна

  • 10.01.2017, 8:28

Урад вызначыў імпарцёраў алкаголю на 2017 год.

Па падвядзенні вынікаў конкурсу, абвешчанага ў канцы мінулага года, забеспячэннем рэалізацыі выключнага права дзяржавы на ажыццяўленне імпарту алкагольнай прадукцыі ў 2017 годзе будуць займацца 28 кампаній, паведамляе ej.by.

У спісе на 2017 год не аказалася кампаніі «Акватрайпл», што ўваходзіць у холдынг «Трайпл» і належыць апальнаму алігарху Юрыю Чыжу. Летась гэтая кампанія мела права на завоз вінаградных і пеністых вінаў і каньяку.

Сярод пастаўшчыкоў імпартнага алкаголю і паўфабрыкатаў на 2017 год фігуруюць вядомыя дыстрыбутары («Гарсія»), рэтэйлер («Еўрагандаль», «Тытунь-Інвест», «Белвілесдэн») і вытворцы (Менскі завод вінаградных він, «Менск Крышталь», «Завод Бульбаш»).

Летась інтарэсы дзяржавы ў гэтай сферы забяспечвалі 29 кампаній, у 2015 годзе – 35.

Нагадаем, асноўны ўладальнік групы кампаній «Трайпл» Юрый Чыж быў затрыманы КДБ 11 сакавіка 2016 года. Разам з бізнэсоўцам у СІЗА КДБ трапілі яшчэ 5 чалавек, якія падазраюцца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйнай суме. Са слоў кіраўніка КДБ Валерыя Вакульчыка, сума шкоды па крымінальнай справе ў дачыненні да бізнэсоўца Юрыя Чыжа складае блізу 12 млн даляраў. Чыж выйшаў на волю з СІЗА КДБ 14 верасня 2016 года.

Апошнія навіны