Юрыя Чыжа вызвалілі са следчага ізалятара
- 15.09.2016, 17:22
Юрыю Чыжу, які з сакавіка знаходзіўся ў следчым ізалятары КДБ, у сераду маглі змяніць меру стрымання.
Гэтую інфармацыю tut.by пацвердзілі некалькі не звязаных адна з адной крыніц.
«Выйшаў. Учора ўжо ў лазні парыўся», - распавёў суразмоўца, блізкі да асяродку бізнэсоўца.
Паводле інфармацыі адной крыніцы, Юрый Чыж адпушчаны пад хатні арышт і ў яго ёсць шэсць месяцаў на вяртанне выстаўленых яму прэтэнзій (са словаў прэзідэнта, гэта 12-13 млн даляраў).
Паводле звестак іншай крыніцы, ён адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. «Так, учора выйшаў. Чакаем на працу», - сказаў ён.
Пацвердзіць інфармацыю ў прэс-службе КДБ пра змяненне меры стрымання бізнэсоўца не ўдалося.
11 верасня Лукашэнка сказаў, што «справа Чыжа» знаходзіцца ў яго на кантролі. «І не толькі таму, што ён буйны бізнэсовец. Ён недалёка, бывала, быў ад прэзідэнта... Многія асацыявалі ягоныя паводзіны з імем прэзідэнта. Мне гэта неабыякава, шчыра кажу», - прызнаўся Лукашэнка.
Разам з тым ён паведаміў, што бізнэсоўцу ўжо выстаўленыя абвінавачванні і Чыж гатовы кампенсаваць шкоду. «Ёсць эканамічныя злачынствы, нявыплата падаткаў і гэтак далей - памнажайце на тры, а некаторыя на пяць, плаціце за ўсё, што скралі ў дзяржавы, і ідзіце працуйце. І яны ж працуюць і ўдзячныя за тое, што іх не адправілі ў месцы не надта далёкія гадоў на 15, як у той жа Амерыцы», - адзначыў Лукашэнка.
Нагадаем, асноўны ўладальнік групы кампаній «Трайпл» Юрый Чыж быў затрыманы праваахоўнымі органамі 11 сакавіка. Разам з бізнэсоўцам у следчы ізалятар КДБ папалі яшчэ 5 чалавек, якія падазраюцца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва значнай суме. Са словаў кіраўніка КДБ Валерыя Вакульчыка, сума шкоды паводле крымінальнай справы ў дачыненні да бізнэсоўца Юрыя Чыжа складае блізу 12 млн даляраў.