BE RU EN

Менскі таксіст: Уся праца звялася да сталых праверак і штрафаў

  • 10.08.2016, 18:25

У СМІ ўжо неаднаразова ўздымалася пытанне з сітуацыяй, якая склалася ў такой сферы паслуг - як праца таксі.

У лютым прайшлі стыхійныя пратэсты, выкліканыя выхадам на беларускі рынак новага бюджэтнага сэрвісу таксі Uber. А ў ліпені прафзвяз кіроўцаў таксі «Цэнтр» заклікаў не выходзіць на працу ў Менску з сямі гадзін раніцы 29 ліпеня да сямі гадзін раніцы 30 ліпеня, каб прыцягнуць увагу грамадства і чыноўнікаў да праблем таксістаў. Пра прычыны, якія заахвоцілі работнікаў, здавалася б, такой прэстыжнай і высокааплатнай сферы паслуг да пратэстаў, сайту «Беларускага дакументацыйнага цэнтра» распавёў адзін з працаўнікоў таксі:

«Я працую кіроўцам таксі амаль 15 гадоў. Супрацоўнічаю з адной са сталічных фірм таксі. Вымушаны сысці з прафесіі, бо працаваць стала зусім немагчыма - «заціскаюць гайкі» з кожным годам усё больш і больш. Мала таго, што колькасць пасажыраў значна зменшылася за апошнія 2 гады - у людзей проста няма грошай, узровень жыцця вельмі ўпаў. Дык улады ўсё прыдумляюць і прыдумляюць новаўвядзенні, каб «садраць» з нас як мага больш грошай ні за што.

Увялі гэтыя тэрміналы - без яго не выпусцяць на працу. Давялося купляць, а ці каштуе гэты «гаджэт», памерам з калькулятар - 630 новых рублёў! Натуральна, аплачваць ніхто тэрмінал не будзе - усё за свой кошт. А ў мяне за месяц «чыстымі» не заўсёды 300 рублёў выходзіць. Абслугоўванне тэрмінала каштуе 12,5 рублёў. «Набіваем» за месяц гэтую суму і больш не карыстаемся ім, бо зняць грошы я не маю права, магу толькі аплаціць абслугоўванне, ФСАН - толькі аперацыі з «безналам». Шчыра кажучы, у таксі вельмі рэдка людзі пытаюцца пра магчымасць аплаты карткай.

Таксама сталі частымі праверкі транспартнай міліцыяй - ў адмысловыя дні - па некалькі разоў за дзень могуць спыніць. Відавочна, што іх задача выканаць план штрафаў. Адпаведна, пачасціліся т.зв. «падставы» - напрыклад, пасажыр прапануе расплаціцца валютай. Але такое, і сапраўды, можа мець месца - у начны час паспрабуй, знайдзі абменнік цяпер. Калі раней на вакзале было 6 абменных пунктаў, то застаўся адзін. У гульнявых установах закрылі абменнікі, з крамаў прыбралі абменныя пункты... Усё для людзей! Я не бяру ў пасажыра валюту і заўсёды за раней папярэджваю людзей аб тым, што, магчыма, будзе цяжка знайсці пункт абмену валюты па дарозе і давядзецца з'язджаць з маршруту. А людзі ўмеюць лічыць свае грошы - усім цяпер цяжка, і могуць папросту адмовіцца ад паездкі.

Некалькі гадоў таму ў нас з'явілася паслуга «дастаўка прадуктаў» - чалавек аплачвае фіксаваны кошт паслугі (у нас – 115 000 рублёў старымі) + чэк. Натуральна, паслуга карыстаецца папулярнасцю ўночы - замаўляюць у асноўным алкаголь, і, як ні дзіўна, - дзіцячае харчаванне. Я бяру такія замовы - гэта выгадна. Але з нядаўняга часу прыйшла пастанова: алкаголь мы больш не маем права дастаўляць! Паслуга губляе ўсялякі сэнс. Я сам не п'ю зусім. Але я не бачу нічога дрэннага ў тым, калі дарослыя людзі хочуць прадоўжыць весяліцца, а ў краму схадзіць не выпадае, ці яны ўжо ўсё зачыненыя. Не дзяржаве вызначаць, каму, у колькі, як адпачываць.

Уся праца, калісьці вельмі прэстыжная і добрааплатная, звялася да велізарных выдаткаў і страт, да сталых праверак і штрафаў. А трэба разумець, што, у рэшце, усё гэта аплачвае менавіта пасажыр, г.зн. кожны з нас".

Ад сябе адзначым, што паводле звестак дыспетчарскіх службаў у прызначаны для страйку дзень 29-30 ліпеня на працу выйшла на 50-70 машын больш, чым у папярэднюю пятніцу! Вось такая вось салідарнасць...

Апошнія навіны