BE RU EN

У Гаазе асудзілі былога віцэ-прэзідэнта Конга

  • 21.06.2016, 21:37

Наступныя 18 гадоў былы віцэ-прэзідэнт Конга Жан-П'ер Бэмбо правядзе ў турме.

Міжнародны крымінальны трыбунал у Гаазе прызнаў вінаватым ва ўчыненні ваенных злачынстваў былога віцэ-прэзідэнта Дэмакратычнай рэспублікі Конга Жана-П'ера Бэмбо і прысудзіў яго да 18 гадоў зняволення, паведамляе gordonua.com са спасылкай на агенцтва Reuters.

Міжнародны крымінальны суд у аўторак прыняў пастанову ў справе аб забойствах і згвалтаваннях у суседняй з Конгам Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы (ЦАР) у 2002 - 2003 гадах.

Агенцтва паведамляе, што Бэмбо стаў першым чыноўнікам, які будзе несці адказнасць за злачынствы сваіх падначаленых.

Суддзя Сільвія Стайнэр пастанавіла, што вайскоўцы з руху за вызваленне Конга, якімі кіраваў Бэмбо падчас баявых дзеянняў у суседняй краіне ў падтрымку тагачаснага прэзідэнта Анжа-Фелікса Патасэ, дзейнічалі "з асаблівай жорсткасцю".

"Бэмбо ўзброіў свае войскі, а плаціў ім так мала, што беднасць вымушала іх да рабунку мясцовага насельніцтва", - заявіла суддзя.

"Ён зрабіў толькі сімвалічныя спробы дысцыплінаваць іх, каб адцягнуць увагу міжнароднай супольнасці ад злачынстваў", - дадала Стайнэр.

Бэмбо, які адмовіўся выступаць падчас слуханняў, атрымаў тры тэрміны: 18 гадоў за згвалтаванне ды рабаванне і два тэрміны па 16 гадоў за забойства. Усе тры прысуды будуць выконвацца адначасова.

У 2008 годзе Бэмбо быў арыштаваны ў Брусэлі паводле ордэру Міжнароднага крымінальнага суда.

Апошнія навіны