Пентагон: NATO павінен стрымліваць агрэсіўную палітыку Расеі
- 21.06.2016, 19:58
ЗША далей будуць нарошчваць сваю прысутнасць у Еўропе, дапамагаць Украіне і стрымліваць Расею.
Пра тое, чаму аднаўлення нармальных стасункаў паміж Масквой і Вашынгтонам найбліжэйшым часам чакаць не варта, і як яны будуць развівацца далей, gazeta.ru пагутарыла з крыніцай, блізкай да міністра абароны Злучаных Штатаў Эштана Картэра.
Суразмоўца адыгрывае найважнейшую ролю ў вызначэнні Пентагонам вайсковай палітыкі ў дачыненні да Расеі, Украіны і шэрагу іншых краін былога СССР. Большасць амерыканскіх ініцыятыў ва Усходняй Еўропе, звязаных з умацаваннем там сіл NATO, у апошні час так ці інакш была падтрыманая або прапанавана менавіта ім. Але паколькі ён не можа назваць сваё імя, ранг і пасаду, gazeta.ru не стане выдаваць ягоную асобу. Гутарка з ім адбылася ў кулуарах сустрэчы міністраў абароны краін NATO, якая надоечы закончылася ў Брусэлі. Больш за ўсё «Газету.Ru» турбавала пытанне аб магчымым дадатковым размяшчэнні амерыканскай ядзернай зброі ў краінах Старога свету. Аднак гаворка ішла і пра іншыя праблемныя моманты ў дачыненнях паміж дзвюма краінамі.
- Ці плануюць ЗША размясціць дадатковую колькасць ядзернай зброі ў Еўропе?
- Ніякіх планаў размясціць ядзерную зброю ў якой-небудзь еўрапейскай краіне ў нас няма. ЗША не плануюць нарошчваць арсенал ядзернай зброі, мы цяпер займаемся мадэрнізацыяй наяўнага ў нас ядзернага арсенала, у тым ліку таго, які знаходзіцца за межамі ЗША. Гэта ўключае ў сябе замену старых тактычных ядзерных бомбаў на новыя, а таксама мадэрнізацыю падводных лодак класа «Агаё». Але планаў размяшчаць новую ядзерную зброю ў нас няма - як у Еўропе, так і ва ўсялякім іншым пункце свету.
- Ці будуць стварацца новыя элементы СРА ў Еўропе?
- Яе стварэнне ўжо закончанае. Той унёсак, які зрабілі ў гэтую сістэму ЗША, вядомы: гэта два аб'екты ў Польшчы і Румыніі, мы пра гэта паведамілі адкрыта. Яны забяспечваюць абарону ад пагрозы балістычных ракет, напрыклад, Ірана.
Да таго часу, пакуль нашы еўрапейскія хаўруснікі не сутыкнуцца з новымі пагрозамі ўдару па іх балістычнымі ракетамі, мы не будзем ствараць дадатковыя элементы СРА.
- Размясціць чатыры батальёна NATO ў Польшчы і Прыбалтыцы было ініцыятывай Пентагона?
- Ініцыятыва зыходзіла ад Польшчы, а потым яе актыўна падтрымалі тры Прыбалтыйскія рэспублікі. Але мы цалкам падтрымліваем прапанову нашых хаўруснікаў з NATO і будзем удзельнічаць у гэтым. ЗША бачаць рост агрэсіі з боку Расеі з тых часоў, як яна незаконна анэксавала Крым і ўчыніла вайсковую інтэрвенцыю на Данбас. Цяпер РФ парушае Дамову аб скарачэнні ракет сярэдняй і малой далёкасці, Дамову аб звычайных узброеных сілах у Еўропе і некаторыя іншыя міжнародныя дамовы. Усё гэта сведчыць аб больш агрэсіўнай палітыцы Расеі, якую NATO мусіць стрымліваць.
- Якое ўзбраенне будзе ў гэтых чатырох батальёнаў? Ці будуць яны абсталяваны сістэмамі для перахопу балістычных ракет?
- У склад чатырох батальёнаў увойдуць прадстаўнікі войскаў розных дзяржаў. Яшчэ да канца не вызначана, як яны будуць выглядаць, чым будуць узброеныя, і прадстаўнікі якіх краін у іх будуць удзельнічаць.
Не думаю, што яны будуць мець комплексы супрацьракетнай абароны, але зусім выключаць гэтага нельга, трэба пачакаць вынікаў саміту ў Варшаве.
- Ці варта чакаць далейшага ўмацавання кантынгенту Паўночнаатлантычнага альянсу ва Усходняй Еўропе, прынамсі - у Прыбалтыцы?
- Працэс стварэння ўмоў для запуску «сістэмы абароны эфектыўнага стрымлівання», якая павінна прадухіліць раптоўную агрэсію ў дачыненні да нашых хаўруснікаў з альянсу, толькі пачаўся. Следам за ім будуць іншыя крокі, акрамя стварэння 4-х батальёнаў у Прыбалтыцы і Польшчы. Яны будуць агучаныя на Варшаўскім саміце.
Мы працягнем працэс нарошчвання баяздольнасці нашых калег з NATO для таго, каб яны змаглі эфектыўна даць адпор усялякай агрэсіі, у тым ліку - з боку Расеі.
- Ці магчыма хоць нейкае супрацоўніцтва Расеі і ЗША ў вайсковай сферы?
- Тэарэтычна магчымае. Але парушэнне Расеяй дамоў, якія я згадаў, і нежаданне працаваць у рамках Венскай канвенцыі не стварае атмасферу даверу паміж Мінабароны РФ і Пентагонам. Я не бачу цяпер асаблівай асновы як для двухбаковага супрацоўніцтва паміж ЗША і Расеяй у вайсковай сферы, так і ў рамках NATO. Але тэарэтычна, паўтаруся, калі Расея перастане весці агрэсіўную палітыку ў дачыненні да суседзяў, у нас вялікае поле для супрацоўніцтва. Напрыклад, супольная барацьба з тэрарызмам і экстрэмізмам.
- Якую дапамогу Украіне цяпер надаюць ЗША ў канфлікце Кіева і Данбаса? Ці пастаўляецца туды амерыканскае зброя?
- Мы актыўна дапамагаем Украіне: пастаўляем вайсковае абсталяванне, адпраўляем дарадцаў, вядзем праграмы навучання ўкраінскіх вайскоўцаў. Мы пастаўляем туды, напрыклад, бронекамізэлькі, машыны Humvee, радары, медыцынскае абсталяванне. Але не зброю. Цяпер у нас няма планаў пастаўляць туды баявую зброю.
Мы цалкам падтрымліваем пазіцыю, паводле якой канфлікт на ўсходзе Украіны можа быць развязаны толькі праз поўнае выкананне менскіх дамоўленасцяў, і заклікаем Расею да гэтага.
Гэта значыць, што на Данбасе трэба цалкам спыніць агонь, забяспечыць поўны доступ назіральнікаў, а таксама вывесці ўсю зброю, у тым ліку - устаноўкі «Град» ды іншае цяжкае ўзбраенне.
- Цяпер і Расея, і ЗША вядуць пэўныя баявыя аперацыі і ў Сірыі. Ці ёсць рызыка таго, што вайскоўцы дзвюх краін выпадкова адкрыюць агонь адзін па адным?
- Калі праходзяць аперацыі, падобныя да сірыйскай, заўсёды ёсць рызыка выпадковых сутыкненняў паміж двума бакамі. Таму ЗША і Расея стварылі адмысловы канал сувязі, які зводзіць на нішто імавернасць выпадковага сутыкнення. Ён таксама дазваляе засцерагчы палёты нашых самалётаў ды іншыя дзеянні вайскоўцаў абедзвюх краін. Хачу падкрэсліць: на гэтым наша супрацоўніцтва сёння заканчваецца. Мы не вядзем нейкіх супольных дзеянняў у Сірыі, мы разам ня вызначаем цэлі, па якіх наносім ўдары. Мы толькі камунікуем для таго, каб выключыць выпадковыя выпадкі агню адзін па адным у паветры або на зямлі.
Гэта адбываецца не толькі паміж Расеяй і ЗША, але і паміж ЗША ды іншымі чальцамі кааліцыі супраць ІД, у якую ўваходзіць 65 краін.