Жанна Нямцова: Да забойства бацькі датычныя людзі, якія займаюць дзяржаўныя пасады ў Расеі
- 21.06.2016, 19:09
Дачка Барыса Нямцова Жанна не разумее, чаму следчыя не дапытваюць кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава паводле справы аб забойстве ейнага бацькі.
Да забойства расейскага апазіцыянера Барыса Нямцова могуць быць датычныя людзі, якія займаюць дзяржаўныя пасады ў Расеі. Такім меркаваннем у каментары «Гордан» падзялілася ягоная дачка Жана.
Учора Следчы камітэт РФ абвясціў, што расследаванне ў дачыненні да пяці фігурантаў забойства палітыка закончанае.
«Следства не закончанае. Скончана толькі частка ў дачыненні да выканаўцаў, а вось следства ў дачыненні да замоўцаў і арганізатараў выдзеленае ў асобную справу. Там усё будзе даўжэй. Праблема ў тым, што яны за замоўцу і арганізатара ўважаюць Руслана Мухудзінава (экс-байца чачэнскага батальёна «Поўнач» унутраных войскаў МУС РФ - рэд) і гэта, мякка скажам, не вельмі пераканаўча. Я не разумею матыў, і адкуль ён узяў грошы, каб заплаціць выканаўцам 15 млн рублёў (амаль 5,7 млн грн - рэд). Гэта што за лухта?» - здзіўляецца Нямцова.
Яна мяркуе, што следства не хоча расследаваць справу ў дачыненні да замоўцаў і арганізатараў.
«Яны не хочуць высвятляць асобы людзей, якія маюць дачыненне да забойства, не жадаюць дапытваць кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава, не жадаюць шукаць намесніка камбата «Поўначы» Руслана Герамеева, які пакінуў Расею ў сакавіку, і выстаўляць яму абвінавачванні. Яны не хочуць дапытваць Адама Дзелімханава (экс-намесніка кіраўніка ўрада Чачэніі і цяперашняга дэпутата Дзярждумы РФ, які з'яўляецца сваяком Герамеева. - рэд). То бок, не хочуць весці расследаванне. Яны проста прыкрываюць патэнцыйна датычных да забойства. Я думаю, што да гэтага забойства маглі мець дачыненне людзі, якія займаюць дзяржаўныя пасады ў Расеі», - заявіла Нямцова.
Расейскі апазіцыянер Барыс Нямцоў быў застрэлены ля Крамля позна ўвечары 27 лютага 2015 года.
Усе арыштаваныя фігуранты справы з'яўляюцца чачэнцамі. Заур Дадаеў, Беслан Шаванаў, уважаюцца за выканаўцаў забойства, а таксама Мухудзінаў раней служылі у чачэнскім батальёне «Поўнач». Паводле інфармацыі сваякоў Нямцова, Дадаеў, узнагароджаны ў 2010 годзе ордэнам Мужнасці, быў асабіста знаёмы з кіраўніком Чачэніі Рамзанам Кадыравым ды іншымі кіраўнікамі рэспублікі.
У той жа час адвакат сям'і палітыка Вадзім Прохараў заклікаў не перабольшваць ролю Мухудзінава ў забойстве апазіцыянера. Ён мяркуе, што «кіроўца Мухудзінаў» не мог быць замоўцам злачынства.