BE RU EN

Леў Марголін: Прадпрымальнікі гатовыя аб'яднацца для барацьбы

  • 21.06.2016, 14:06

Змяніць сітуацыю ў краіне можна толькі актыўнымі дзеяннямі.

20 чэрвеня ў Віцебску адбыўся круглы стол «Прадпрымальніцтва Беларусі ў 2016-м: выжыванне і перазагрузка ў крызіс. Урокі, выклікі і рэкамендацыі». У ім узялі ўдзел вядомыя эканамісты Леў Марголін і Антон Болтачка, лідарка віцебскіх прадпрымальнікаў Ірына Яскевіч, а таксама блізу 20 ІП, піша ucpb.org.

Прадметам абмеркавання стала сітуацыя ў краіне агулам і ў дачыненні да прадпрымальнікаў.

«Змяніць сітуацыю можна толькі актыўнымі дзеяннямі, аб'яднаннем, - адзначыў у сваім выступе Леў Марголін. - Прадпрымальнікі павінны аб'яднацца і заявіць пра сябе. У тым ліку падчас «выбарчай» кампаніі. Бо яна дае цэлы шэраг магчымасцяў, якіх у звычайным жыцці прадпрымальнікі не маюць. Яна дае магчымасць звярнуцца да выбаршчыкаў праз тэлевізію, радыё, прэсу».

Падчас дыскусіі высветлілася пазіцыя большасці віцебскіх прадпрымальнікаў: зварот зрабіць можна, але гэта будзе апошні зварот таго канкрэтнага прадпрымальніка, які на гэта наважыцца.

«Цяпер вельмі складаная сітуацыя для прадпрымальнікаў, - адзначыў Леў Марголін. - Шмат хто так і не прыступіў да працы. Многія вярнуліся, але разумеюць, што працуюць на свой страх і рызыку. У кожны момант яны могуць быць аштрафаваныя, рэпрэсаваныя. На сёння ёсць мараторый - іх як бы не чапаюць, але яны ўсё адно баяцца браць удзел у нейкіх актыўных мерапрыемствах, актыўна змагацца за свае правы, бо кожны разумее, што той, хто першы рызыкне, атрымае ад дзяржавы ўдар напоўніцу. Вось і імкнуцца не высоўвацца. Што да палітычнай дзейнасці, я мяркую, што на сёння самае большае, што мы можам ад іх чакаць - удзелу ў ініцыятыўных групах нашых кандыдатаў.

Стаўленне да беларускіх рэалій, дзяржавы ў іх цалкам пэўнае: яны мяркуюць, у адрозненне ад тых, хто заўтра будзе прысутнічаць на «ўсебеларускім сходзе», што перспектыў у гэтай дзяржавы, у гэтага ўрада няма, бо краіна рухаецца ў няправільным кірунку».

Апошнія навіны