Лётчык РФ выдаў вайсковую тайну беларускай журналістцы
- 21.06.2016, 14:12
Навошта ў Баранавічы прыляталі найноўшыя расейскія бамбавікі?
На мінулым тыдні над Баранавічамі лёталі расейскія бамбавікі СУ-34, піша Intex-press. Як растлумачылі ў 61-й знішчальнай авіябазе, у раёне праходзілі супольныя палёты расейскіх і беларускіх вайсковых лётчыкаў. Экспэрты не выключаюць, што расейскія бамбавікі прыляталі ў Баранавічы ў сувязі з маштабнымі вучэннямі NATO ў Польшчы.
Вельмі цікава, як журналістам удалося выведаць аб прылёце самалётаў з суседняй краіны.
15 чэрвеня карэспандэнту Intex-press у сацсетках напісаў асабістае паведамленне хлопец Дзяніс (імя змененае рэдакцыяй). У паведамленні ён прапанаваў пазнаёміцца. Ён сказаў, што прыляцеў у Баранавічы з Расеі па працы. І патлумачыў: «Абараняем інтарэсы вашай краіны ў сувязі з вайсковымі вучэннямі, што праводзяцца ў Польшчы войскамі NATO».
З 7 да 17 чэрвеня ў Польшчы сапраўды праходзілі маштабныя вучэнні альянсу пад назвай «Анаконда-2016». Назіральнікі звязваюць гэтыя вучэнні з падрыхтоўкай адпору нападу з Расеі.
Старонка Дзяніса выявілася «свежай». На некаторых здымках ён пазіруе ў расейскай вайсковай форме. Ёсць на старонцы і фатаграфіі, зробленыя ў Баранавічах, але на іх мужчына - у цывільным.
«Я лётаю на Су-34», - напісаў Дзяніс, калі карэспандэнтка папрасіла распавесці падрабязней аб тым, чым ён займаецца ў Баранавічах. Да звестак прымацаваў фота трох самалётаў на аэрадроме. І дадаў: «Гэта Су-34. У вас такіх няма, толькі Су-27 і Су-24».
Дзяніс часта прыкладаў да паведамленняў фатаграфіі з аэрадрома. Напрыклад, выслаў фота шаўрона з расейскім сцягам і знакам авіяцыі на рукаве пінжака, фота фуражкі, фатаграфіі самалётаў.
Мужчына распавёў, што разам з іншымі расейскімі вайскоўцамі жыве ў гатэлі «Гарызонт». Карэспандэнтка ўдакладніла, ці ён лётчык і што менавіта будзе рабіць у Баранавічах па працы.
«Гэта сакрэтная інфармацыя. Раптам ты шпіёнка», - адказаў ён.
Пад крылом С-5С
Дзяніс напісаў, што прыляцеў з Валгаграда. Але пазней даслаў фота свайго аўтамабіля з рэгістрацыйнымі нумарамі Варонежскай вобласці. Хутчэй за ўсё, вайсковец прыбыў не з Валгаграда, а з Варонежа. Бартавыя нумары бамбавікоў, знятых нашымі фотакарэспандэнтамі ў Баранавічах, супадаюць з бартавымі нумарамі самалётаў, якія належаць да 7000-й гвардзейскай авіяцыйнай Барысаўска-Памеранскай базы. Яна размяшчаецца на варонежскім вайсковым аэрадроме «Балтымор».
«Выйдзі на вуліцу - у небе 24 самалёты, вельмі ўражліва. Ідзе імітацыя паветранага бою, вельмі прыгожа. А пад крылом - 4 блокі эс5эс», - напісаў на наступны дзень вайсковец.
Сапраўды, у гэты момант у небе чуўся гул самалётаў, але праз воблачнасць складана было разглядзець, што менавіта адбываецца. Карэспандэнтка спытала ў Дзяніса, што такое «эс5эс».
«Гэта блокі кіравання. Такое нельга пісаць. Кідалі сёння сёе-тое. Толькі ціха!» - адказаў ён.
Магчыма, Дзяніс меў на ўвазе некіраваныя ракеты з аскепкавымі баявымі часткамі С-5С. Іх выкарыстоўваюць для паразы жывой сілы.
Колькі менавіта расейскіх вайскоўцаў удзельнічала ў вучэннях Баранавічах, даведацца не ўдалося. Са словаў Дзяніса, у баранавіцкі начны клуб Nero расейскія вайскоўцы хадзілі ў кампаніі з 16 чалавек. 16 чэрвеня ўвечары Дзяніс напісаў, што хутка яны ляцяць. І на сувязь больш не выходзіў.