BE RU EN

Алесь Пушкін: Народу патрэбныя хлеб і відовішчы, а грошай ва ўлады няма

  • 21.06.2016, 12:52

Мясцовыя ўлады пасёлка Бобр (Крупскі раён) звярнуліся да мастака Алеся Пушкіна з просьбай дапамагчы правесці святкаванне 500-годдзя населенага пункта.

Два тыдні таму Алесю Пушкіну і яго жонцы, настаўніцы Яніне Аляксандраўне, прыйшло запрашэнне ад старшыні Бобрскага сельсавета Уладзіміра Загорскага - узяць удзел у паседжанні аргкамітэта ў святкаванні 500-годдзя пасёлка.

- Сказаць, што я здзівіўся, - нічога не сказаць, - распавёў «Салідарнасці» Аляксандр Пушкін.

Справа ў тым, што вышэйназваны старшыня сельсавета два гады таму ў Дзень Волі сарваў з падрамніку карціны мастака Алеся Пушкіна выяву герба «Пагоня» і разламаў яе.

Прыйшлося пісаць у Следчы камітэт аб распачынанні крымінальнай справы паводле факта вандалізму ў дачыненні да гісторыка-культурнай каштоўнасці.

- Але ўлада не стала крыўдзіць свайго чыноўніка. Справу закрылі і ён пазбег суда. Маю зламаную карціну аддалі на экспертызу ў Міністэрства культуры, адкуль прыйшоў адказ: герб «Пагоня» з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а тое, што намаляваў Пушкін - не, - распавёў мастак.

На пасяджэнні аргкамітэта акрамя Алеся Пушкіна і яго жонкі прысутнічалі: дырэктарка мясцовай школы, камандзір вайсковай часткі, былы старшыня сельсавета, ксёндз, бацюшка і пастар.

- Старшыня Бобрскага сельсавета Уладзімір Загорскі звярнуўся да нас з прамовай. Сказаў, што прынятая пастанова святкаваць 500-годдзе пасёлка, але грошай няма і папрасіў дапамагчы, хто чым можа. Мы прыйшлі падрыхтаванымі. Жонка напісала выдатную гістарычную даведку аб Бабры, а я свае прапановы паклаў у пісьмовым выглядзе на стол, - адзначыў Алесь Пушкін.

Мастак пагадзіўся актыўна дапамагаць у арганізацыі свята. Ён гатовы зладзіць мастацкую выставу, запрасіць у Бобр музыкаў і рамеснікаў. Але пры выкананні дзвюх умоў.

- Я прапанаваў: каб свята атрымалася, давайце яго не будзем палітызаваць, не будзем выкарыстоўваць для таго, каб пахваліць «геніяльную» ўлада, якая нібыта вядзе нас правільным шляхам. Другая ўмова: каб свята праводзілася на беларускай мове, - распавёў Алесь Пушкін.

Свята ў Бабры запланаванае на 25-26 чэрвеня. Мастак пакуль не ведае, што наважылі мясцовыя ўлады, але, калі святкаванне будзе праводзіцца па-беларуску, ён удзельнічаць у ім не будзе. Гэта было б дзіўна, улічваючы, што Бобр паводле апошняга перапісу увайшоў у дзесятку самых беларускамоўных населеных пунктаў краіны.

Нечаканую прапанову ўдзельнічаць у арганізацыі мерапрыемства Алесь Пушкін тлумачыць так:

- Народу патрэбныя хлеб і відовішчы. А грошай няма. Таму, ведаючы пра наша патрыятызм і жаданне нешта рабіць для пасёлка (у свой час я бясплатна распісаў мясцовую царкву, якая, на жаль, затым згарэла), улады прыйшлі да нас, нягледзячы на навешаны раней ярлык апазіцыі.

Апошнія навіны