Экспэрт: Яблыкам разладу паміж Масквой і Канстанцінопалем стала ўкраінскае пытанне
- 21.06.2016, 10:46
Супрацьстаянне паміж двума царкоўнымі праваслаўнымі цэнтрамі завяршылася на карысць сусветнага патрыярха, на карысць Канстанцінопаля.
Лідары сусветных праваслаўных цэркваў сабраліся на Усеправаслаўны сабор упершыню за больш чым 1200 гадоў, нягледзячы на байкот з боку расейскай і трох іншых цэркваў.
Украінская рэлігіязнаўца Людміла Філіповіч мяркуе, што пачатак Сабору - гэта поспех Сусветнага патрыярха Варфаламея, паведамляе «Радыё Свабода».
«Супрацьстаянне паміж двума царкоўнымі праваслаўнымі цэнтрамі завяршылася на карысць Сусветнага патрыярха, на карысць Канстанцінопаля. І хоць расейская прапаганда і ўсе царкоўныя СМІ кажуць пра тое, што гэта не сабор, а нейкі сход, і ён не мае ніякага значэння і не будзе мець якіх-небудзь наступстваў для ўсёй паўнаты праваслаўя, ну, «паклёпнічайце і вы», як у свой час мы гаварылі», - кажа яна.
Украінскае праваслаўе перш за ўсё цікавіла пытанне пра тое, як будуць прызнавацца аўтакефальныя цэрквы, але гэта пытанне было знятае з парадку дня Сабору. Але абмеркаванне гэтай тэмы ўсё ж не выключанае.
«Мы ведаем, што гэтае пытанне можа паўстаць цалкам спантанна. Магчыма, не падчас афіцыйных паседжанняў, а ў нейкіх кулуарных размовах. Я думаю, што пра гэта будзе ісці гаворка. Давайце праўду скажам: яблыкам разладу паміж Канстанцінопалем і Масквой стала ўласна ўкраінскае пытанне, украінская царква. Усе астатнія пытанні можна было ўзгадніць, хто будзе сядзець побач з кім, і па каляндарным пытанні, і па духавенству, і па адзенні», - адзначае Людміла Філіповіч.