Мікалай Статкевіч: Трэба атакаваць уладу падчас «парламенцкай» кампаніі
- 21.06.2016, 9:54
Пасля «выбараў» варта правесці агульнанацыянальную акцыю пратэсту.
Былы палітвязень Мікола Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info аб будучай «парламенцкай» кампаніі, удзеле ў ёй апазіцыі і «аптымальным варыянце» ўдзелу.
«Трэба проста як мага больш палітызаваць гэтую кампанію, - адзначае палітык. - І фактычна атакаваць уладу і паказваць тое, куды яна завяла краіну за апошнія гады».
«Цяпер у асяроддзі дэмакратычных сілаў ідуць кансультацыі, - распавядае палітык. - І ідуць яны ў некалькіх напрамках. Ёсць такое мяккае аб'яднанне (фактычна - дыскусійная пляцоўка). Гэта кансультацыйнае нарада дэмакратычных арганізацый, пастановы якой не абавязковыя для выканання, але, тым не менш, на гэтай пляцоўцы нам удалося прыняць план сумеснай каардынацыі дзеянняў падчас парламенцкай кампаніі. План гэты - дастаткова мяккі, але ўзгодненыя такія моманты, як назіранне за выбарамі, узаемная рэакцыя, калі будуць фальсіфікацыі. 21 чэрвеня падпісанне дакумента павінна быць завершанае».
Ёсць у Мікалая Статкевіча бачанне і таго, якім чынам апазіцыя магла б найбольш эфектыўна выкарыстоўваць гэтую выбарчую кампанію.
«Патрэбныя кансультацыі ў больш вузкім коле, і яны ідуць паміж беларускімі дэмакратычнымі арганізацыямі еўрапейскай арыентацыі, - кажа Статкевіч. - А нашы прапановы зразумелыя. Па-першае, павінен быць адзіны спіс кандыдатаў. Мы не можам, безумоўна, забяспечыць ідэальную сітуацыю (адзін кандыдат ад уладаў - адзін ад дэмакратычных сіл), бо будуць прадстаўнікі ад самых розных партый і сіл. Але ўсё роўна трэба было сфармаваць адзіны спіс, каб паказаць грамадству, што ў нас ёсць таксама сіла. Такім чынам мы маглі б сабраць вакол іх свой дэмакратычны электарат і прымусіць улады ісці на чарговыя фальсіфікацыі. А, калі гэтага не зробім, то многія кандыдаты проста расцягнуць галасы выбаршчыкаў».
Акрамя таго, як мяркуе палітык, трэба падумаць і аб пасланні выбарцам:
«Пасланне не вельмі эфектыўнае, калі кандыдат стане распавядаць пра сябе любімага, за якога трэба абавязкова прагаласаваць. Людзі ставяцца да гэтага скептычна. Тым больш, уся ўлада сканцэнтраваная ў Чырвоным доме, а «парламент» практычна нічога не развязвае. Таму трэба проста як мага больш палітызаваць гэтую кампанію. І фактычна атакаваць уладу і паказваць тое, куды яна завяла краіну за апошнія гады. І асабліва трэба расказваць пра гэта ў рэгіёнах, бо розніца паміж сталіцай і правінцыяй вялізная. Многія людзі з рэгіёнаў моцна незадаволеныя».
Але самае галоўнае, са слоў Статкевіча, годна завяршыць «парламенцкую» кампанію.
«Мы можам добра правесці ўсю кампанію, але затым улада выпіша вам 5 адсоткаў галасоў і - да пабачэння, - кажа былы палітвязень. - Калі годна на гэта не адрэагаваць, то вас жа людзі затым не будуць паважаць. А хтосьці можа сказаць, што праграма ў кандыдата была дрэнная, а таму народ і не галасаваў за прадстаўніка апазіцыі. Таму завяршыць кампанію можна рознымі спосабамі. Напрыклад, кінуць улёткі ў кожнай акрузе кожнаму выбарцу, дзе б тлумачылася, чаму такія вынікі. Але звычайна на гэта ніколі не стае ні сіл, ні грошай. Таму, магчыма, варта было б правесці якую-небудзь агульнанацыянальную акцыю, каб людзі даведаліся, што кандыдаты, у якіх скралі перамогу, незадаволеныя і выступаюць супраць гэтага».
Мікалай Статкевіч яшчэ раз адзначае, што гэтыя тры кампаненты былі б дастаткова эфектыўнымі падчас кампаніі.