BE RU EN

Эканамісты: І ў будучыні нас чакае шэраг інфляцый і дэвальвацый

  • 21.06.2016, 9:26

Ні адзін паказчык, закладзены ў праграму на гэтую пяцігодку, не выкананы.

Беларускія ўлады апублікавалі «Асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016 - 2020 гады», якія выносяць на абмеркаванне Ўсебеларускага народнага сходу. Прыгожыя лічбы, намаляваныя ў дакуменце, проста цешаць вока: у 2020 годзе прырост УБП складзе 12 - 15 адсоткаў; рост рэальных грашовых даходаў грамадзян дасягне 9,5 - 11,6%, стаўкі крэдытаў знізяцца да 9 - 11%. У кожнай беларускай сям'і будзе магчымасць пабудаваць свой дом або кватэру, а працягласць жыцця вырасце да 75,3 года. Чым не беларускі эканамічны цуд, яшчэ адзін цуд?

Але ці падведзена пад агучаныя лічбы рэальная эканамічная база?

На пытанні Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі» адказаў старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

- Вынікі адыходзячай пяцігодкі прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў ацаніў як «станоўчыя», заявіўшы, што дзяржава цалкам выканала сацыяльныя абавязанні перад грамадзянамі. Ці сапраўды дзяржава выканала са свайго боку сацыяльны кантракт?

- Тэрмін «сацыяльны кантракт» можна разумець па-рознаму. Але ў праграму на гэтую пяцігодку ўключаны шэраг лікавых параметраў, якія тычацца і росту эканомікі, і росту даходаў насельніцтва, росту экспарту і імпарту. Наколькі я памятаю, ні адзін паказчык, які ўключаны ў праграму, не выкананы.

Можна маніпуляваць тэрмінамі, вінаваціць сусветны крызіс і што падалі цэны нафты. Але факт застаецца фактам: паказчыкі праграмы не выкананы. Трэба валодаць дастатковай адвагай і багатай фантазіяй, каб сцвярджаць адваротнае.

- Але ўлады выносяць на Ўсебеларускі народны сход «Асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016 - 2020 гады», дзе, напрыклад, з дакладнасцю да дзесятых адсотка спрагназаваны рост рэальных грашовых даходаў грамадзян да 2020 года - 9,5 - 11, 6 адсоткаў. Ці можна ўважаць прадэклараваныя мэты рэалістычнымі?

- У мяне ёсць здагадка, што ўсе прагнозы на будучую пяцігодку мадэлююцца зыходзячы з аднаго-адзінага параметру - сусветных цэнаў нафты. На аснове гэтай версіі можна дапусціць рост экспарту нафтапрадуктаў, рост прыбытку ад нафтаперапрацоўкі, рост нафтавых мыт, павелічэнне попыту на нафтавую прадукцыю з боку Расеі. Калі сапраўды цягам пяці гадоў будзе назірацца паслядоўны рост цаны нафты, то можна, між іншым, чакаць і росту эканомікі, і росту рэальных даходаў.

Але калі сцэнар з нафтавымі даходамі не рэалізуецца, іншых крыніц эканамічнага росту пры існуючай эканамічнай сістэме, пры нежаданні кардынальна змяняць структуру эканомікі, папросту няма. Таму калі паслядоўнага росту цаны нафты не адбудзецца, можна загадзя спрагназаваць, што праз пяць гадоў урад канстатуе недасягненне закладзеных параметраў, будзе іх спісваць на знешнія прычыны, на сусветны крызіс, на нізкія цэны сыравіны.

- Улічваючы ваганні цаны нафты нават цягам апошняга года, такі разлік ураду можна назваць безразважным.

- Скажам так: з высокай ступенню пэўнасці цану нафты на найбліжэйшыя пяць гадоў наогул ніхто не возьмецца прагназаваць. Са зразумелых прычынаў: высокая бягучая валацільнасць, вялікая нявызначанасць з прапановай і попытам на нафту (попыт моцна залежыць ад эканомікі Кітая, якая запавольваецца), пастаянна пераглядаюцца ў бок паніжэння прагнозы росту і ЗША, і Еўропы, і якія развіваюцца краін, што азначае зніжэнне попыту. Нафта ўжо вырасла да 50 даляраў за барэль - гэта парог, за якім рушаць услед прапановы з боку сланцавых радовішчаў ЗША і Канады. Цяжка рабіць стаўку на сцэнар, які не дае ніякіх гарантый. Фактычна беларускі ўрад робіць стаўку менавіта на рост нафтавых цэн.

- Падзенне жыццёвага ўзроўню насельніцтва ў наяўнасці, эканамічны крызіс відавочны ўсім. І толькі Лукашэнка ўсё гаворыць аб «крызісе ў галовах». Чаму ўлады так упарта не жадаюць прызнаваць наяўнасць эканамічнага крызісу?

- Калі прызнаць наяўнасць эканамічнага крызісу, трэба рабіць наступны крок - называць прычыны, якія прывялі да крызісу. А вечныя спасылкі на знешнія фактары, на сусветны эканамічны крызіс, якога на самай справе няма, перастануць працаваць; спасылкі на падзенне цаны нафты таксама выклікаюць пытанні: а чаму наша эканоміка так моцна залежыць ад аднаго-адзінага параметру?

Прызнанне факту крызісу - азначае прызнанне, што так званая «ўнікальная эканамічная мадэль», гонар беларускіх уладаў цягам апошніх 20 гадоў, і з'яўляецца прычынай гэтага крызісу. А мадэль уключае ў сябе, у тым ліку, падтрыманне на паверхні неэфектыўных прадпрыемстваў. На самай справе шмат гадоў ідуць размовы, маўляў, больш грошай даваць не будзем, але воз і цяпер там: стратныя прадпрыемствы па-ранейшаму падтрымліваюцца. Адна з прычын складаецца ў тым, што ў нашай сацыяльна арыентаванай дзяржаве абсалютна няма сістэмы падтрымкі людзей, якія страцілі працу. З аднаго боку, і падтрымліваць прадпрыемствы нельга (гэта зарыванне бедных грошай у пясок), а рабіць кардынальныя крокі ў адносінах да прадпрыемстваў, скажам, зачыняць іх, таксама немагчыма: гэта значыць выкінуць людзей на вуліцу ва ўмовах, калі дапамога ў беспрацоўі складае блізу 10 еўра , выракчы іх на галодную смерць. Вось вынік унікальнай беларускай эканамічнай мадэлі.

- Як можа развівацца беларуская эканоміка ў найбліжэйшай перспектыве?

- Спрагназаваць развіццё эканомікі немагчыма ў прынцыпе, бо няма зададзенай траекторыі. Гэтая траекторыя залежыць ад абсалютна непрадказальных дзеянняў уладаў.

З аднаго боку, можна намаляваць прагноз, траекторыю ў выпадку, калі ўлады будуць рабіць тое, што ад іх патрабуецца: калі будуць працаваць на зніжэнне інфляцыі, не будуць уключаць друкаваны станок, будуць рэалізоўваць рэформы, якія рэкамендуюць крэдыторы, то можна меркаваць, што пасля года-двух зніжэння эканомікі пачнецца пэўны рост. Абсалютна відавочна, што такі сцэнар нічым не гарантаваны. Да гэтага ідзе палеміка, у тым ліку і паміж рознымі галінамі ўлады, у дзяржаўнай прэсе, паміж прыхільнікамі адказнай фінансавай палітыкі і прыхільнікамі ўключэння друкаванага станка. Да чаго прыводзіць уключэнне станка - мы ўжо ведаем з досведу папярэдняй стабільна высокай інфляцыі, досведу рэгулярных дэвальвацый, якіх за апошнія 20 гадоў мы перажылі дастаткова.

Калі верх возьмуць прыхільнікі ўключэння друкаванага станка, можна з упэўненасцю чакаць, што і ў будучыні нас чакае чарада інфляцый і дэвальвацый.

Апошнія навіны