«Еўрапейская Беларусь» за аб'яднанне апазіцыі без камуністаў
- 20.06.2016, 16:01
Выбарчая кампанія павінна прывесці да стварэння моцнага праеўрапейскага апазіцыйнага цэнтра ў Беларусі.
Пра гэта гаворыцца ў заяве грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», тэкст якой мы падаем цалкам:
- Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» паслядоўна выступае за еўрапейскі выбар нашай дзяржавы, у абарону незалежнасці.
Зыходзячы з гэтай пазіцыі, «Еўрапейская Беларусь» падрыхтавала і падпісала разам з большасцю суб'ектаў дэмакратычнай апазіцыі Дэкларацыю ў падтрымку незалежнасці Беларусі.
Зыходзячы з неабходнасці аб'яднання вядучых апазіцыйных сіл, «Еўрапейская Беларусь» падтрымала ўдзел у выбарчай кампаніі рэальных апазіцыйных кандыдатаў для прасоўвання еўрапейскіх каштоўнасцяў і выкарыстання «выбараў» для стварэння праеўрапейскага апазіцыйнага цэнтра.
«Еўрапейская Беларусь», як і большасць дэмакратычных сіл, мяркуе, што ў Беларусі няма выбараў, што ўлады будуць спрабаваць выкарыстоўваць гэтую кампанію з мэтай легалізацыі дыктатарскага рэжыму на Захадзе для вымантачвання крэдытаў на захаванне рэпрэсіўнага апарата. У той жа час рэжым адмаўляецца ўносіць неабходныя змены ў выбарчае заканадаўства ў адпаведнасці з рэкамендацыямі БДІПЧ АБСЕ.
У гэтых варунках удзел у выбарчай кампаніі павінен быць выкарыстаны для рэзкай крытыкі рэжыму, які незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі больш за 20 гадоў. Удзел у выбарчай кампаніі павінен прывесці да стварэння моцнага дэмакратычнага цэнтра, які бароніць еўрапейскі шлях развіцця Беларусі.
«Еўрапейская Беларусь» вітае, падтрымлівае і бярэ ўдзел у кансультацыях паміж арганізацыямі, якія ўваходзяць у Беларускі нацыянальны кангрэс і іншымі праеўрапейскімі партыямі і рухамі.
Адначасова «Еўрапейская Беларусь» заяўляе, што ўважае за непрымальнае стварэнне альянсу з беларускай камуністычнай партыяй «Справядлівы свет», якая падтрымлівае ўдзел Беларусі ў так званым еўразійскім саюзе, ухваляе агрэсіўныя дзеянні Расеі супраць Украіны ў Крыме і Данбасе, выступае за вайсковы саюз з Расеяй, супраць дэкамунізацыі ва Украіне і Польшчы, супраць еўрапейскага выбару Беларусі.
Такі альянс з камуністамі ў варунках рэальнай пагрозы незалежнасці Беларусі можа падарваць давер да апазіцыі як унутры краіны, так і за мяжой. У той жа час аб'яднанне праеўрапейскіх сіл дапаможа бараніць незалежнасць і дэмакратычную будучыню Беларусі.