BE RU EN

«Сабака брэша, вецер носіць»: Улады паабяцалі кожнаму кватэру і 15% росту ВУП

  • 17.06.2016, 9:40

Апублікаваны праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады.

Чакаецца, што праграму прыме пяты «ўсебеларускі народны сход». Праект з'явіўся ў «Саўбелцы» пад лозунгам «Разам - за моцную і квітнеючую Беларусь!».

У дакуменце, акрамя фантастычных абяцанняў, пералічваюцца і праблемы. Гэта падзенне экспарту, даходаў прадпрыемстваў і бюджэту, запаволенне тэмпаў росту эканомікі, рост інфляцыі і замежнай запазычанасці нашай краіны, зніжэнне якасці прадукцыі, замаруджванне ўкаранення інавацый, «напружанасць з выплатай заробку», нястача інвестыцый, слабае развіццё сярэдняга і малога бізнэсу.

«Пазначаныя праблемы сур'ёзныя, але не катастрафічныя. Іх пераадоленне стане адной з ключавых задач гэтай пяцігодкі», - пішуць аўтары праекту праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады.

Адзначаецца, што галоўная мэта развіцця краіны ў гэты перыяд - падвышэнне якасці жыцця насельніцтва «на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый ды інавацыйнага развіцця».

Далейшыя абяцанні больш нагадваюць далёка не навуковую фантастыку.

ВУП у 2020 годзе, у параўнанні з 2015-м, нібыта павінен вырасці на 12-15%, рэальныя грашовыя даходы беларусаў - на 9,5-11,6%. Крэдытныя стаўкі да канца 2020-га плануецца знізіць да 9-11%. «У кожнай беларускай сям'і будзе магчымасць пабудаваць свой дом або кватэру», - такое абяцанне утрымліваецца ў праекце.

Абяцаецца таксама «разняволенне дзелавой ініцыятывы», спыненне росту коштаў, лібералізацыя валютнай сістэмы, абнаўленне сістэмы кіравання эканомікай.

Так званы «Усебеларускі народны сход», які будзе ўхваляць праграму, прызначаны на 22-23 чэрвеня.

Раней паведамлялася, што ў студзені-лютым 2016 года ВУП Беларусі абрынуўся на 4% (у даляравым эквіваленце - на ўсе 16,0%), і эканамісты мяркуюць, што яго рост на 15% нерэальны.

Нагадаем таксама, што ў 2010 годзе Лукашэнка абяцаў беларусам да 2015 годзе сярэдні заробак 1000 даляраў. «Да 15-га года мы павінны наблізіць сумы заробку да 1000 даляраў у эквіваленце», - заявіў тады дыктатар. Аднак нават паводле афіцыйных звестак Белстата, у красавіку 2016 сярэдні заробак бюджэтнікаў у краіне склаў 5,5 млн. рублёў ($281).

Апошнія навіны