BE RU EN

Беларусам прапанавалі перасесці на БЧБ-мабілі

  • 16.06.2016, 12:05

Ініцыятыва «Арт-сядзіба» ў Менску абвясціла аб пачатку акцыі «БЧБмабіль».

20 чалавек, якія першымі напішуць на адрас artsiadziba@gmail.com сваё імя і прозвішча, марку аўто, меркаванае месца паездак і нумар тэлефона, атрымаюць камплект з двух аўтамабільных бел-чырвона-белых сцяжкоў.

Пасля таго, як на вуліцах з'явяцца першыя «БЧБмабілі», на іх пачнецца фотапаляванне: тым, хто сфатаграфуе аўто са сцяжкамі, выкладзе фота ў сацсетках з хэштэгам #бчбмабіль або вышле фота на згаданы вышэй e-mail, атрымае наборы налепак з гербам «Пагоня» і беларускімі арнаментам. Фота таксама можна паказаць асабіста супрацоўнікам «Арт-сядзібы» ў менскім офісе.

Па завяршэнні акцыі «Арт-сядзіба» плануе наладзіць бясплатнае распаўсюджванне сцяжкоў і налепак з нацыянальнай сімволікай, але просіць для гэтага фінансавай падтрымкі, паведамляе nn.by.

Наколькі бяспечна вывешваць бел-чырвона-белы сцяг на машыну?

Як распавёў «Радыё Свабода» дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус, акцыя не прымеркавана да якой-небудзь канкрэтнай даты або падзеі, гэта «традыцыйная дзейнасць у папулярызацыі нацыянальных сімвалаў».

У хуткім часе ён абяцае апублікаваць відэа з першым «БЧБмабілем» на цэнтральным праспекце Менску, каб паказаць, што «гэта не страшна»:

- Мы не ведаем, як да гэтага паставіцца міліцыя, таму і ставім такі эксперымент, - прызнаецца Сівец. - Прынамсі, калі я на сваю машыну павесіў сцяжкі і паехаў па праспекце Незалежнасці, каля плошчы Перамогі колы накручваў, ніякіх пытанняў не было, ніхто не спыняў, хоць праязджалі пост ДАІ.

Адзін наш калега з каманды «БЧБмабіль» ужо тыдзень ездзіць. Праязджаў не адзін пост ДАІ - яны, вядома, глядзелі са здзіўленнем. А мы як раз хочам, раздаўшы першыя 20 камплектаў бясплатна, знайсці тых ахвочых ездзіць са сцяжкамі, хто б не баяўся.

Паводле правілаў дарожнага руху, сцягі на машынах не забароненыя. Забаронена наносіць на сам аўтамабіль розныя малюнкі, а наконт сцягоў забаронаў няма.

Апошнія навіны