Анджэй Дуда: Вучэнні NATO дэманструюць гатоўнасць абараняць Польшчу
- 13.06.2016, 17:58
Вучэнні NATO Anakonda-16 адказваюць на запыты цяперашніх часоў, на існую ў Еўропе архітэктуру бяспекі.
Пра гэта заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў панядзелак 13 траўня ў Хелмна, дзе ён назіраў за выкананнем адной з задач, пастаўленай перад жаўнерамі, паведамляе «Радыё Польшча».
Са словаў Анджэя Дуды, вучэнні NATO ў Польшчы дэманструюць «гатоўнасць абараняць тэрыторыю дзяржавы».
«Яны дазваляюць войскам NATO эфектыўна абараняць кожную тэрыторыю краіны-чальца альянсу. Гэта вучэнні, якія адказваюць на выклікі цяперашніх часоў, яны адпавядаюць той архітэктуры бяспекі, якая сёння ёсць у Еўропе», - адзначыў кіраўнік польскай дзяржавы.
Ён таксама дадаў, што манеўры павінны служыць дэманстрацыі адзінства хаўруснікаў, ідэальнай спрацаванасці і каардынацыі дзеянняў.
На думку прэзідэнта Польшчы, вучэнні праходзяць паспяхова, а жаўнеры дзейнічаюць зладжана.
«Я спадзяюся, што яны ствараюць такое ўражанне на ўсіх», - сказаў Анджэй Дуда.