Віцебскія актывісты змагаюцца з расейскім трыкалорам у аўтобусах
- 11.06.2016, 13:56
Актывістка Таццяна Севярынец паскардзілася ў гарвыканкам на кіроўцаў, якія прымацоўваюцца перад лабавым шклом савецкія і расейскія сцяжкі.
Каардынатарка аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў Віцебску і Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец даслала зварот у Віцебскі гарвыканкам з патрабаваннем навесці ў грамадскім транспарце Віцебска ідэалагічны парадак, паведамляе сайт bchd.info.
Ёй ужо не раз даводзілася патрабаваць у кіроўцаў грамадскага транспарту, каб здымалі савецкія і расейскія сцяжкі, якія прымацоўваюцца перад лабавым шклом. Але рашэнне звярнуцца ў гарвыканкама было прынятае пасля канфлікту ў маршрутным таксі №66.
«На маю заўвагу кіроўца адказаў: «Што хачу, тое і раблю. Жальцеся куды заўгодна!» Дэманстрацыя палітычных поглядаў у грамадскім транспарце непрымальная, тым больш у сённяшніх умовах ціхай анэксіі Расеяй Беларусі. Што думае пра гэта Віцебскі гарвыканкам?» - адзначыла каардынатарка БХД.