BE RU EN

На што ва ўладаў няма грошай

  • 15.05.2016, 11:12

Праз крызіс уладам даводзіцца «жэстачайшэ» эканоміць на ўсім.

З 11 да 22 траўня ў французскім курортным гарадку Каны праходзіць знакаміты кінафестываль. Ён праводзіцца ўжо 69-ы раз і нязменна прыцягвае да сябе пільную ўвагу прыхільнікаў кінамастацтва. З году ў год рэжысёры з розных куткоў свету спрабуюць прабіцца ў «негумовы» асноўны конкурс Кан. З'язджаюцца ў гэты горад і бізнэсмэны, бо там паказваюцца гатовыя праекты, заключаюцца кантракты, прадаюцца правы на камерцыйную дыстрыбуцыю карцін за мяжой, піша belmarket.by.

У рамках фестывалю дэманструюцца дасягненні нацыянальных кінематаграфій больш чым 100 краін. Для гэтага ў 2000 годзе была створана нават спецыяльная пляцоўка Village International, «вітрына сусветнага кінематографу», як яе любяць называць самі арганізатары. Ва ўласных павільёнах прадстаўнікі краін – удзельніц форуму знаёмяць наведвальнікаў са сваімі дасягненнямі ў галіне кіно, праводзяць працоўныя сустрэчы, заводзяць карысныя знаёмствы. Беларусь не абмінула гэтую культурную падзею і пяць гадоў таму атрымала ўласнае месца на пляцоўцы.

На жаль, наша знаходжанне ў французскай Рыўеры было нядоўгім: у 2016 годзе інфармацыя пра тое, што беларускі павільён зноў адчыніцца ў Канах, так і не была апублікаваная. Журналісты разбіраліся, чаму ў Год культуры айчынным кінематаграфістам давядзецца сядзець дома.

Чарга даўжынёй некалькі гадоў

Упершыню наш павільён на знакамітым фестывалі адчыніўся ў 2011 годзе. Прэса пісала, што афіцыйнымі арганізатарамі «беларускага дому» сталі Міністэрства культуры, Белтэлерадыёкампанія і нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм». Пры гэтым ініцыятыва ішла знізу.

Першым кіраўніком і ідэйным натхняльнікам адкрыцця нацыянальнага павільёна ў Канах быў рэжысёр і журналіст Алег Лукашэвіч. У 1996 годзе ён стаў першым беларускім журналістам, акрэдытаваным на фестывалі. «У 2008 годзе свае павільёны адкрылі нашыя суседзі Украіна і Расея, і мне стала крыўдна за Беларусь, якая на фестывалі ніяк не была пазначаная», – успамінае ён.

Праз два гады, вярнуўшыся з чарговага Канскага кінафоруму, Алег Лукашэвіч паставіў перад сабой задачу дамовіцца наконт удзелу ў ім Беларусі. Тады Белтэлерадыёкампанія, як найбуйнейшы медыяхолдынг краіны, паспяхова займалася тэле- і кінавытворчасцю. Журналіст напісаў дакладную запіску на імя старшыні кампаніі, у якой абгрунтаваў неабходнасць і эфектыўнасць прэзентацыі Беларусі на сусветным кінарынку, а таксама значнасць адкрыцця нацыянальнага павільёна.

Ініцыятыву падтрымалі, але гэтага ўсё адно сталася недастаткова. Рэч у тым, што адчыніць павільён у Канах імкнуцца многія краіны. Аднак так званая першая кінавёска, у якой размяшчаюцца асноўныя ўдзельнікі, абмежаваная па плошчы. Трапіць у яе можна толькі праз ліст чакання. Некаторыя краіны чакалі сваёй чаргі некалькі гадоў.

«Я падключыў да працы Аляксандра Аляксеева, з якім мы разам рабілі праграмы з Кан, – апавёў Алег Лукашэвіч. – На наш запыт у дырэкцыю кінарынку фестывалю прыйшоў адказ, у якім Беларусі прапанавалі толькі стэнд на падземным паверсе фестывальнага палаца. Нас гэты варыянт не задаволіў, і мы змаглі пераканаць дырэкцыю форуму прапанаваць нам павільён у іншай кінавёсцы. У лістападзе 2010 года нас абрадавалі: Беларусь атрымае месца ў прэстыжнай першай кінавёсцы. Як арганізатар, Белтэлерадыёкампанія выплаціла ўсе неабходныя ўнёскі, а мяне прызначылі кіраўніком Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь на 64-м Канскім кінафестывалі».

Пазней далучылася кінастудыя «Беларусьфільм». Падчас падрыхтоўкі на студыі намаганнямі Алега Лукашэвіча і Аляксандра Аляксеева быў выдадзены і потым прэзентаваны на фестывалі каталог сучаснага беларускага кіно. Так, адкрыўшы культурную «амбасаду» ў выглядзе павільёна ў Канах, Беларусь увайшла ў міжнародную кінематаграфічную сям'ю.

Сысці лёгка, вярнуцца цяжка

Паводле словаў Алега Лукашэвіча, першапачаткова меркавалася, што нацыянальны павільён стане пастаяннай пляцоўкай, на якой будуць прэзентаваныя айчынныя кінематаграфісты, «бо гэта магчымасць не толькі абвесціць пра сабе, але і знайсці партнёраў для вытворчасці сумеснай прадукцыі».

Эфект ад працы першага беларускага павільёна выявіўся ўжо ў наступным годзе: у галоўны конкурс кінафестывалю была прапанаваная карціна «У тумане» Сяргея Лазніцы. На думку Алега Лукашэвіча, набраны тэмп запаволіўся ў наступныя гады, калі паўнамоцтвы наконт пытанняў арганізацыі і фінансавання павільёна ўзяў «Беларусьфільм».

«Трэба ўлічваць дынаміку, з якой мяняюцца ўмовы кінавытворчасці ў свеце. Нацыянальная студыя, на вялікі жаль, не паспела на экспрэс. Была задача перабудаваць стратэгію “Беларусьфільма” з улікам запытаў сусветнага кінематографу, бо кіно – гэта прадукт, які неабходна не толькі вырабляць, але і рэалізоўваць», – разважае рэжысёр.

Алег Лукашэвіч не ведае дакладнага адказу на пытанне, чаму сёлета Беларусь не адчыніць у Канах свой павільён. Паводле суразмоўцы, справа, хутчэй за ўсё, не ў адсутнасці фінансаў.

«Ва Украіне, напрыклад, ідуць ваенныя дзеянні, але яна не зачыніла свой павільён. Яго ўтрыманне, праца, рэклама разам з унёскамі і камандзіравальнымі абыходзяцца не больш чым у 30 тыс. еўраў. Калі кінастудыя не змагла знайсці такую суму, значыць, там нешта робіцца няправільна», – выказаў меркаванне Алег Лукашэвіч.

На жаль, многія людзі, паводле ягоных словаў, не разумеюць, што не кінастудыя, а краіна не будзе паказаная на Канскім кінафоруме. Вярнуцца туды будзе няпроста.

«Калі з каманды выбывае гулец, яго месца адразу займае іншы. Вярнуцца можна, але дакладна паводле такой самай схемы: калі якая-небудзь краіна адмовіцца ад удзелу», – рэзюмаваў журналіст.

Грошай замала

Журналісты паспрабавалі атрымаць афіцыйны каментар пра лёс нацыянальнага павільёна на «Беларусьфільме», аднак там толькі пацвердзілі, што сёлета наша краіна ў фестывалі не ўдзельнічае.

Часткова сітуацыю патлумачылі ў Міністэрстве культуры. Начальнік аддзела інфармацыі Ілона Немава адзначыла «безумоўную значнасць прысутнасці Беларусі ў Канах», але грошай на гэта ва ўстановы няма. «Аплачваць працу павільёна павінен “Беларусьфільм” зыходзячы з уласнага бюджэту, а не за кошт сродкаў Мінкульта. Фінансавая сітуацыя такая, што была прынятая пастанова адмовіцца ад удзелу ў Канах у гэтым годзе», – падкрэсліла Ілона Немава.

Апошнія навіны