BE RU EN

Жыхары «дома з расцяжкай» пратэстуюць супраць праекту рэканструкцыі іх квартала

  • 9.03.2016, 10:53

Праект, складзены ўладамі, не прадугледжвае будаўніцтва сацыяльна значных аб'ектаў, якіх не стае мясцовым жыхарам.

На грамадскае абмеркаванне праект рэканструкцыі і забудовы тэрыторыі ў межах праспект Незалежнасці - Валгаградская - Кутузава - Вялікая Слепня - Кедышкі - Філімонава вынесены два тыдні таму, паведамляе tut.by.

На днях жыхары дома №109 на праспекце Незалежнасці, які цяпер называюць «домам з расцяжкай», склалі петыцыю супраць праекта. На думку жыхароў дома, які таксама ўваходзіць у праект, план не адпавядае нарматыўным заканадаўчым актам і значна пагаршае ўмовы жыцця ў гэтым раёне.

У петыцыі менчукі адзначаюць, што праект не прадугледжвае будаўніцтва неабходных сацыяльна значных аб'ектаў, якіх ужо не стае мясцовым жыхарам: спартзалаў, басейнаў, паліклінік, дзіцячых садоў, школ, парковак і стаянак.

Не задавальняе жыхароў квартала і тое, што не ўлічана ў праекце азеляненне тэрыторыі, колькасць пешаходных дарожак, зон адпачынку і пляцовак для збору смецця.

Але больш за ўсё хвалюе аўтараў петыцыі, вядома, надбудова мансардных паверхаў у іх і суседніх дамах.

«Названым праектам прадугледжана рэканструкцыя жылых дамоў з драўлянымі перакрыццямі па праспекце Незалежнасці 103, 105, 107, 109, 111. Пры гэтым ніхто зараз не гарантуе, што гэта «эксперыментальнае мансарднае будаўніцтва» не абрынецца праз некаторы час пасля будоўлі. Інвестары, якія зарабілі на надбудове, утвораць штосьці і знікнуць, а мы, як і пакупнікі, станем закладнікамі іх самавольства! - гаворыцца ў петыцыі. - Згодна з Канстытуцыяй, Грамадзянскаму кодэксу, Жыллёваму кодэксу, з указам прэзідэнта №657 толькі ўласнік распараджаецца сваёй маёмасцю. Так як д. 103, 105, 107, 109, 111 з'яўляюцца сумесным домаўладаннем, уласнікамі якога з'яўляюцца ўласнікі жылых і нежылых памяшканняў, то запланаваная рэканструкцыя асобамі, якія не з'яўляюцца ўласнікамі сумеснага домаўладання, супрацьзаконная».

Аўтары петыцыі мяркуюць, што вынесены на грамадскае абмеркаванне праект патрабуе дапрацоўкі. Петыцыю, якую можна падпісаць да канца месяца, разам з подпісамі пазней накіруюць кіраўніку адміністрацыі Першамайскага раёна.

Апошнія навіны