BE RU EN

За таксістамі ўстановяць дадатковы кантроль

  • 31.03.2016, 10:44

У таксоўках усталююць прыбор для адсочвання прыбытку.

Да 1 чэрвеня гэтага года ва ўсіх аўтамабілях таксі, дзе разлікі вядуцца ў тым ліку гатоўкай, павінен быць усталяваны яшчэ адзін прыбор - сістэма кантролю касавага абсталявання. Сама прылада для сцісласці называецца СКПО (сродак кантролю падатковых органаў). Што гэта СКПО, па сутнасці, такое і навошта яно трэба, піша Onliner.by.

СКПО - гэта прылада, якая вядзе дыстанцыйны кантроль за прыбыткам, які праходзіць праз касавы апарат. Як і звычайны мадэм, яна перадае інфармацыю (звесткі ад касавага абсталявання аб аплатных дакументах, грашовых і адміністрацыйных аперацыях, справаздачах) у цэнтр апрацоўкі, дзе звесткі апрацоўваюцца. Гэтая прылада падключаецца да касавага абсталявання ў машыне таксі, а сам модуль мацуецца на пярэднюю шыбу.

Як паведамілі ў Міністэрстве падаткаў і збораў, у адпаведнасці з падпунктам 2.6 пункта 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 06.07.2011 №924/16, ва ўсё касавае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў аўтамабілях-таксі (з улікам указаных у пастанове тэрмінаў) да 1 чэрвеня 2016 года павінен быць усталяваны СКПО.

- Сістэма прадставіць праграмныя сэрвісы, якія забяспечваюць аналіз структуры і сумы даходаў, самім суб'ектам гаспадарання, - упэўненыя ў Міністэрстве падаткаў і збораў. - Гэта дазволіць адмовіцца ад такіх маральна састарэлых інструментаў кантролю і ўліку, як вядзенне кнігі касіра, фармаванне і захоўванне кантрольных стужак касавага абсталявання, скасаваць дзеянне нормаў у замене касавага абсталявання, зарэгістраванага ў падатковым органе, пасля заканчэння 6 гадоў з даты яго першай рэгістрацыі.

А што кажуць службы таксовак? Адной з першых абсталёўваць свае традыцыйныя Volkswagen Passat новай прыладай стала «Пятніца». Таксапарк у кампаніі свой і кіраўніцтва наважылася не цягнуць і ўсё зрабіць загадзя.

Дырэктарка «Таксі Пятніца» Жанна Насута распавяла, што за кожным аўтамабілем у іх парку замацаваны таксометр. Кожная такая прылада штогод падлягае паверцы. Каб падключыць СКПО да таксометра, неабходна ўсталяваць новую «прашыўку». Пакуль адбываецца гэтая працэдура, аўтамабілі, з якіх знялі таксометры, вымушаныя прастойваць. Прычым праз збоі ў праграмным забеспячэнні частка машын не працуе вось ужо каторы тыдзень.

Да ўсяго іншага, устаноўка кожнага прыбора СКПО - гэта дадатковыя выдаткі ў закупцы абсталявання і перапрашыўцы таксометраў, якія перавозчык павінен узяць на сябе.

У той жа час дыспетчарскіх службаў, у якіх свайго таксапарку няма, гэтыя новаўвядзенні тычацца ў меншай ступені. Яны супрацоўнічаюць непасрэдна з перавозчыкамі, якія, у сваю чаргу, і павінны заклапаціцца ўстаноўкай неабходнага абсталявання для таго, каб прадаўжаць надаваць паслугі.

А як жа быць з Uber? А на Uber таксісты, відавочна, зноў будуць крыўдзіцца, бо гэтаму сэрвісу не трэба абсталёўваць свае аўтамабілі СКПО. Вось як гэта растлумачылі ў Міністэрстве падаткаў і збораў:

- Калі ў аўтамабілях пры перавозцы пасажыраў разлікі робяцца толькі з выкарыстаннем рэквізітаў банкаўскай плацежнай карткі праз мабільнае прыкладанне Uber шляхам электроннага спісання грашовых сродкаў з карт-рахункаў пасажыраў, то ў гэтым выпадку не прадугледжанае выкарыстанне касавага абсталявання і, адпаведна, устаноўка СКПО.

Разам з тым, калі ў аўтамабілях, якія выкарыстоўваюцца ў адпаведнасці з дамовамі арэнды транспартнага сродку з наданнем паслуг у кіраванні і тэхнічнай эксплуатацыі (арэнда транспартнага сродку з экіпажам), пры перавозцы пасажыраў разлікі вядуцца ў тым ліку і гатоўкай, то ў гэтым выпадку абавязковае выкарыстанне касавага абсталявання і ўстаноўка СКПО.

Апошнія навіны