BE RU EN

Uber: У Менску мы развіваемся хутчэй, чым у Маскве і Рыме

  • 23.03.2016, 18:20

Uber не мае намеру сыходзіць з беларускага рынку.

Пра гэта заявіла прадстаўніца кампаніі краін СНД Яўгенія Шыпава на прэс-канферэнцыі ў Менску 23 сакавіка, пішуць «Беларускія навіны».

Больш за тое, дадала яна, Менск дэманструе рэкордныя тэмпы развіцця Uber - тут кампанія развіваецца хутчэй, чым гэта адбывалася ў Маскве, Рыме ці Варшаве. За чатыры месяцы сэрвісам Uber у Менску скарысталіся 80 тысяч чалавек, а прыкладанне спампавалі 580 тысяч карыстальнікаў.

Uber - міжнародная кампанія з Сан-Францыска, якая стварыла аднайменнае мабільнае прыкладанне для пошуку, выкліку і аплаты таксі або прыватных кіроўцаў. З дапамогай Uber замоўца можа не толькі зарэзерваваць аўтамабіль, але і адсочваць яго перасоўванне да пункту замовы. Аплата праводзіцца з дапамогай прывязанай да акаўнта банкаўскай карты.

У Менску Uber пачаў працаваць у лістападзе 2015 года, прапанаваўшы карыстальнікам сваю прэміяльную платформу UberBLACK. 5 лютага гэтага года сэрвіс запусціў у Менску бюджэтную версію з больш нізкімі тарыфамі UberX, а неўзабаве старшыня Менгарвыканкама Андрэй Шорац даручыў праверыць працу кампаніі ў сувязі з прэтэнзіямі сталічных таксістаў з нагоды няроўных умоў працы.

У лютым транспартная інспекцыя Міністэрства транспарту і камунікацый Менску і Менскай вобласці правяла мэтавыя пазапланавыя тэматычныя аператыўныя праверкі кампаній, якія займаюцца перавозкамі пасажыраў з выкарыстаннем платформы Uber. У выніку праверак было заяўлена аб наяўнасці парушэнняў у асобных перавозчыкаў.

У адказ Uber заявіў аб масаванай інфармацыйнай кампаніі з ініцыятывы гульцоў, незацікаўленых у з'яўленні сэрвісу ў Беларусі.

«Ніякіх прэтэнзій з боку транспартнай інспекцыі ў сувязі з гэтай сітуацыяй у дачыненні да платформы Uber агучана не было. Прэтэнзіі звязаныя з аперацыйнай дзейнасцю асобна ўзятых кіроўцаў», - адзначала тады Яўгенія Шыпава, падкрэсліваючы, што кампанія працуе ў Беларусі і пільнуецца нацыянальнага заканадаўства.

Прадстаўнікі Uber не ўважаюць за справядлівыя прэтэнзіі некаторых менскіх таксістаў пра нібыта няроўныя ўмовы працы.

«Давайце ўдумаемся: што такое роўныя ўмовы? Асабіста для мяне гэта ў тым ліку роўныя ўмовы дэкларавання даходу. У Uber стоадсоткавая безнаяўная аплата - няма нічога больш празрыстага, кантраляванага і падсправаздачнага, чым безнаяўная аплата», - падкрэсліла Яўгенія Шыпава.

«Чаму хтосьці дэкларуе 100% свайго даходу, а хтосьці не раздрукоўвае і не выдае чэкі і ў прынцыпе кладзе гатоўку ў кішэню?» - дапоўніла яна.

Свой пункт гледжання аб нібыта няроўных умовах выказаў Дзмітрый Невяркевіч, дырэктар кампаніі «Белеўрарэнт», якая з'яўляецца партнёрам Uber.

Так, паводле ягоных слоў, з кожнага аўтамабіля-таксі паводле адзінага падатку за месяц выплачваецца 2,1 мільёна рублёў. «У сваю чаргу тая падатковая нагрузка, якую нясе нашае прадпрыемства, практычна ўтрая вышэйшая з разліку на транспартную адзінку. Дык пра якія няроўныя ўмовы гаворыцца?» - адзначыў Невяркевіч.

Як патлумачыў юрыст Аляксандр Бондар, традыцыйная служба таксі працуе паводле прынцыпу публічнай дамовы, што распаўсюджваецца на неабмежаваную колькасць карыстальнікаў паслугі. У сваю чаргу партнёры Uber працуюць паводле схемы дамовы фрахтавання. У гэтым выпадку сістэма крыху іншая.

Перавозкі Uber распаўсюджваюцца толькі на кола асоб, якія сцягнулі дадатак, і яно абмежаванае адрозна ад звычайнага таксі. Пры гэтым партнёры сэрвісу Uber абавязаныя кожны раз пры выкананні паслугі пасажыру запаўняць ордэр у папяровым выглядзе.

«Разам з тым у кантэксце развіцця ў Беларусі электроннага дакументальнага абарачэння запаўненне папяровага дакумента сапраўды выглядае рудыментам, які трэба зліквідаваць», - падкрэсліў юрыст.

Апошнія навіны