BE RU EN

«Арт-Сядзіба» выпусціць цацкі, якія размаўляюць па-беларуску

  • 20.03.2016, 16:15

Першую нацыянальную цацку павінен будзе ўвасобіць персанаж перадачы «Калыханка» Дзед-Барадзед.

«У лялькі сумная гісторыя», - распавёў дырэктар «Арт-Сядзібы» Павел Белавус падчас адмысловага форуму 18 сакавіка ў менскай кавярні «Лофт», паведамляе «Белсат». - «У Белтэлерадыёкампаніі яе выкінулі на сметнік. Для нас справа гонару, што Дзед-Барадзед будзе ў кожнага беларуса як напамін пра шчаслівае дзяцінства. Калі на цацку націснуць, яна будзе спяваць сваю песню».

Добра вядомыя многім беларусам запісы з «Хто я? Дзед-Барадзед. Абышоў я цэлы свет» напісаў Артур Вольскі ў 1987 годзе. Перадачы з казкамі дзеда-вандроўцы выходзілі да сярэдзіны 90-х.

Настальгічную кампанію Дзеду-Барадзеду складае іншапланетнік Паца-Ваца. Герой дзяцей канца 90-х - пачатку 2000-х будзе вучыць беларускай мове і весці «просты дыялог па-беларуску» са сваімі будучымі ўладальнікамі. Хто будзе яшчэ адным у трылогіі нацыянальнай цацкі, у «Арт-Сядзібе» пакуль не ведаюць і звяртаюцца наконт ідэй да публікі. Прэтэндэнтаў на цацачны сімвал 2010-х будуць выбіраць праз спецыяльны конкурс. Усе тры цацкі «Арт-Сядзіба» хоча выпусціць у Беларусі, але пакуль канкрэтных дамоўленасцяў з фабрыкамі дасягнуць не ўдалося:

«Вытворцы хочуць грошы наперад, а мы можам прапанаваць дапамогу ў продажы гатовай цацкі. У гэтым праекце мы шукаем спонсара, партнёра або інвестара, гатовага ўкласці сродкі ў выпуск трох цацак або падзяліць выдаткі на выпуск прадукту», - кажа Павел Белавус.

Апошнія навіны