Барыс Жаліба: Нас можа чакаць дэфолт
- 16.02.2016, 15:02
Беларусь можа застацца без золатавалютных рэзерваў.
Экспэрты расейскага «Ашчадбанка» ўважаюць золатавалютныя рэзервы Беларусі за «крытычна нізкія». Расейскія аналітыкі забілі трывогу, бо за студзень золатавалютныя рэзервы нашай краіны знізіліся на 3,6% (на 149 мільёнаў даляраў) - да 4 мільярдаў даляраў, піша «Салідарнасць».
- З іх ацэнкай нельга не пагадзіцца. Ёсць жа міжнародныя нормы: золатавалютныя рэзервы павінны быць не меншыя за двух-, а лепш трохмесячны імпарт тавараў і паслуг у краіну. А нашы золатавалютныя рэзервы апошнім часам складаюць толькі прыкладна паўтара месяца імпарту. Прыкладна такая ж сітуацыя была вясной 2011 года пры наймацнейшым валютным крызісе, - сцвярджае доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.
- Больш за тое: мы можам наогул без золатавалютных рэзерваў застацца. Мы маем адмоўны гандлёвы баланс, трэба чымсьці кампенсаваць адмоўнае валютнае сальда.
І яшчэ важны момант. У структуры золатавалютных рэзерваў Беларусі ёсць і манетарнае золата (зліткі), і каштоўныя камяні, і валюта МВФ СДР, прызначаная для спецыяльных разлікаў. Ліквідных валют, якія выкарыстоўваюцца для выплаты запазычанасцяў дзяржавы, з 4 млрд даляраў у нас толькі прыкладна 2,2 млрд. (А сёння, можа, ужо і менш). Пры гэтым у гэтым годзе па вонкавым запазычанасцям нам яшчэ трэба выплаціць Расеі, Кітаю і Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця парадку 1,7-1,8 млрд даляраў.
А сакавік ужо на парозе, таму наша кіраўніцтва напружана чакае 2 млрд даляраў крэдыту Пуціна. Калі ён іх не дасць, нас можа чакаць дэфолт. Думаю, грошы ён выдасць, каб не дапусціць банкруцтва ледзь не адзінага хаўрусніка, але на нервах пагуляе, - мяркуе эканаміст.