«Пілуйце, Шура, пілуйце!»
- 17.11.2016, 9:40
Лукашэнка паабяцаў суграмадзянам вярнуць заробак 500 даляраў.
Але верыць варта не словам, а справам Лукашэнкі, які хавае маштаб праблем у эканоміцы краіны, піша Наталля Макушына на сайце «Немецкой волны».
Агенцтва БелТА распаўсюдзіла сюжэт пра тое, як Лукашэнка падчас паездкі па Магілёўскай вобласці даў загад чыноўнікам вярнуць у 2017 годзе сярэдні заробак на ўзровень 500 даляраў, што знізіўся апошнім часам да 370 даляраў у эквіваленце.
Як штукар-небарака, у якога з капелюша тырчаць вушы схаванага труса, Лукашэнка спрабуе адвесці ад сябе адказнасць за маштаб рэальных праблем у эканоміцы. Грошай у бюджэце няма, і абяцаны паказчык можна дасягнуць, толькі калі іх хіба што надрукуюць. У сацсетках жартуюць, што пасля такіх слоў Лукашэнкі насельніцтву пара запасацца рысам і грэчкай.
Беларускі кіраўнік, мабыць, ідзе шляхам Панікоўскага, які даўно зразумеў, што гіры не залатыя, але, адцягваючы час расплаты за падман, працягваў угаворваць Балаганава: «Пілуйце, Шура, пілуйце!». За час свайго 22-гадовага кіравання Лукашэнка ўжо трэцім разам абяцае дасягнуць запаветнага рубяжа «ўсім па 500». Такі заробак у беларусаў быў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у 2010-м, а таксама пазней - у 2012-2014 гадах, але пасля чарговага абвалу эканоміка так і не паднялася.
Сапраўды, адкуль узяцца такой суме? Растала праз нізкія цэны расейская нафтавая рэнта, якой можна было дзяліцца з насельніцтвам і бойка рапартаваць аб поспехах. Усё больш сціплай становіцца дапамога Масквы, якая раней забяспечвала палітычную стабільнасць рэжыму. Не прынесла чаканых вынікаў інтэграцыя ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Ды і крэдыт МВФ, на які разлічвае Менск у 2017 годзе, прызначаны зусім не для павышэння заробкаў.
Эканамічны расклад такі: у параўнанні з мінулым годам беларускі ВУП за тры кварталы зменшыўся на 2,9 працэнта ў беларускіх рублях, а ў даляравым выражэнні - на 30 мільярдаў, або амаль на 40 адсоткаў. Чвэрць дзяржаўных прадпрыемстваў стратная, іх пратэрмінаваныя запазычанні выраслі на 88 адсоткаў.
На фоне масавых звальненняў, лік якіх ідзе на дзесяткі тысяч, урад заяўляе пра яшчэ 5 адсоткаў «лішніх працоўных рук». Праўда, чыноўнікам падчас «аптымізацыі кадраў» будучае працаўладкаванне кіраўнік дзяржавы ўсё ж гарантаваў.
З каго нічога не возьмеш
Быць можа, жыццё шэраговых грамадзян хоць неяк падсалодзіць перадкалядная казка ад Лукашэнкі пра 500 даляраў? Бо ў 2017 годзе ім давядзецца выплачваць ужо не 50, а 75 адсоткаў ад кошту камунальных паслуг. Новых працоўных месцаў не прадбачыцца, а рэформы ў эканоміцы і не пачыналіся, хаця пра іх неабходнасць услых разважаюць не толькі крытыкі рэжыму, але і нават беларускія міністры.
Папулісцкія байкі ў вуснах вялікага начальніка выглядаюць, вядома ж, сімпатычна, чым прызнанне, што заяўленае павелічэнне даходаў ніяк не адпавядае эканамічным рэаліям крызісу, што ўзмацняецца. Таму варта ўважліва сачыць не за прамовамі, а за дзеяннямі чалавека, які стаяў ля руля краіны.
Абяцанкі павысіць заробак выглядаюць жаданнем сысці ад адказнасці за развал эканомікі, які здарыўся пад яго кіраўніцтвам. Такая няўдалая ілюзія з трусам. Бо 500 даляраў былі абяцаны беларусам толькі ў выпадку росту прадукцыйнасці працы. А калі не будзе ні таго, ні іншага, то расхлёбваць кашу давядзецца каму заўгодна, толькі не Лукашэнку - з як з казла малака.