Юрый Рубцоў: Прапануюць вакансіі са смешным заробкам 2 мільёны
- 15.09.2015, 18:58
Былога палітвязня з Гомеля Юрыя Рубцова паставілі на ўлік у гарадскім цэнтры занятасці як беспрацоўнага.
Па прафесіі ён - кіроўца, можа працаваць практычна на ўсякім аўтатранспарце, паведамляе «Радыё Свабода».
«Накіраванне на працу я пакуль не браў, бо з вакансій, якія прапанавалі ў цэнтры занятасці, ёсць праца кіроўцы у ААТ «Гомельдрэў» са смешным заробкам - 2 мільёны 100 тысяч. І праца на школьным аўтобусе, каб вазіць дзяцей з прыгараднай вёскі Чонкі ў Гомель. Заробак аналагічны», - распавёў Юрый Рубцоў.
Ён паведаміў таксама, што адна з дабрачынных арганізацый прапанавала яму прайсці медыцынскае абследаванне і лячэнне за мяжой, таму ён пакуль і не ўзяў накіраванне на працу.
У цэнтры занятасці Рубцова папярэдзілі, што як беспрацоўны ён павінен тры дні на месяц удзельнічаць у грамадскай рабоце - перш за ўсё на ўборцы гародніны.
Пры запаўненні анкеты беспрацоўнага ў графе «Якімі замежнымі мовамі валодаеце?» Рубцоў напісаў: «расейскай».
«Спецыяліст цэнтра вельмі здзівілася, але анкету не патрабавала перапісваць», - распавёў былы палітвязень.
Нагадаем, Юры Рубцоў 6 кастрычніка 2014 быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска паводле арт.391 Крымінальнага кодэкса (абраза суддзі або народнага засядацеля) да аднаго году і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Новую справу ў дачыненні да Рубцова распачалі ў сакавіку гэтага года паводле артыкула 415 КК (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Пад варту гомельскі актывіст апазіцыі быў узяты 6 красавіка. 28 траўня суд Пружанскага раёна прысудзіў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму з улікам не адбытага тэрміну.