Парламенцкія выбары ў Польшчы пройдуць 25 кастрычніка
- 17.07.2015, 14:51
Выбары ў Сейм Польшчы прызначаныя на 25 кастрычніка.
Пра гэта паведаміў прэзідэнт краіны Браніслаў Камароўскі, паведамляе Polskie radio.
З ягоных слоў, такая дата дазволіць Цэнтральнай выбарчай камісіі Польшчы належным чынам падрыхтавацца да падліку галасоў выбаршчыкаў пасля Усепольскага рэферэндуму, які прызначаны на 6 верасня. Прэзідэнт Польшчы таксама адзначыў, што паведаміў пра сваю пастанову маршалам Сейма і Сената, Малгажаце Кідаве-Блонскай і Богдану Барусевічу, а таксама прэм'ер-міністарцы Польшчы Эве Копач.
Браніслаў Камароўскі таксама паведаміў, што не будзе браць удзел у выбарах. Кіраўнік польскай дзяржавы дадаў, што пасля завяршэння ягонай кадэнцыі, гэта значыць пасля 6 жніўня, ён мае намер звярнуцца ў суд з просьбай зарэгістраваць Інстытут Браніслава Камароўскага, які будзе працаваць на асновах фонду.
Нагадаем, што ў мінулых у траўні прэзідэнцкіх выбарах у краіне перамог кандыдат ад правай апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» Анджэй Дуда, які зменіць Браніслава Камароўскага на гэтай пасадзе 6 жніўня. Згодна з вынікамі апошніх апытанняў грамадскай думкі, парламенцкія выбары, якія адбудуцца ў кастрычніку, таксама прынясуць поспех гэтаму палітычнаму аб'яднанню, якое, магчыма, атрымае права сфармаваць новы ўрад.