NATO: Мы гатовыя дапамагчы Украіне
- 13.03.2014, 18:52
Камітэт планавання NATO у выпадку надзвычайных сітуацый правёў экстраннае пасяджэнне з прадстаўнікамі Украіны.
Арганізацыя заявіла аб гатоўнасці аператыўна адрэагаваць на зварот Кіева аб наданні дапамогі. Аб гэтым сказана ў паведамленні місіі Украіны пры NATO.
На пасяджэнні камітэт NATO абмеркаваў пытанні развіцця сітуацыі ва Украіне, дзе нарошчваецца незаконная вайсковая прысутнасць Расеі, а таксама магчымы ўплыў гэтых падзей на бяспеку цывільнага насельніцтва на ўсёй тэрыторыі Украіны.
У гэтым кантэксце былі абмеркаваныя шляхі надання Украіне дапамогі ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі грамадзянскага характару ў выпадку ўзнікнення такой неабходнасці. Акрамя таго, разгледжаныя пытанні бяспекі крытычнай інфраструктуры на выпадак адсутнасці крокаў з боку Расеі для дээскалацыі напружанасці.
«Камітэт планавання NATO у выпадку надзвычайных сітуацый аднагалосна пацвердзіў гатоўнасць аператыўна рэагаваць на звароты Украіны што да надання практычнай і матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі», - падкрэсліваецца ў паведамленні.