BE RU EN

Алімпіяда шукае гледачоў

  • 9.02.2014, 12:19

Чаму першымі днямі Гульняў у Сочах на трыбунах пустыя месцы?

8 лютага, першым медальным днём Гульняў-2014 спецыяльны карэспандэнт расейскай газеты «Ведомости» адправіўся ў горы, каб паглядзець спаборніцтвы ў лыжных гонках і біятлоне, якія праходзяць на комплексе «Лаура». І неспадзеўкі выявіў вольныя месцы на трыбунах. Назваць шэрагі напаўпустымі было б несумленна, але і аншлагам там не патыхала. Для лыжных гонак і біятлону на Алімпійскіх гульнях сітуацыя нязвыклая. Афіцыйна ўсе квіткі на гэтыя спаборніцтвы ў Сочах даўно рэалізаваны, у вольным продажу іх няма.

- У мяне сёння першая палова дня выходная была, хацеў на біятлон схадзіць, - кіроўца Ігар на маршруце ТМ18 нечакана выявіў дасведчанасць. - Ведаў, што квіткоў даўно няма, але сунуўся ў касы. Мне кажуць: «Сёння выкінулі восем квіткоў. Кошт - шэсць з паловай тысяч. Бераце? Іншых варыянтаў няма». Ну я, вядома, фанат біятлону, але 6500 для мяне занадта.

Паводле адной з вэрсій, Нацыянальныя алімпійскія камітэты краін, якія ўдзельнічаюць у Гульнях, выкупілі свае білетныя квоты, але проста не здолелі іх рэалізаваць у сябе ў краіне. Акрамя таго, немалая іх частка размяркоўвалася на загад сярод расейскіх рэгіёнаў. Вядома, што далёка не ўсе іх уладальнікі, прыехаўшы ў Сочы, наважыліся на цяжкую дарогу ў горы. Калі ты не цікавішся спортам, значна ямчэй прагуляцца па набярэжнай.

Аповед кіроўцы Ігара гэтую версію ўскосна пацвярджае. Ён кажа, што праца на Алімпіядзе пакуль сталася біццём лындаў, хоць рыхтаваліся ледзь не да шчыравання дзень і ноч. «Фактычна ў мяне са студзеня стабільна выпадае на тыдзень два-тры дні непрацоўныя. Кажуць, што разлічвалі на паўтары мільёна наведвальнікаў спаборніцтваў, а прыехала ўсяго 300 тысяч. Не ведаю, праўда гэта ці не, але цяпер працы ў нас не вельмі шмат», - дзеліцца ён.

Біятлон журналісты глядзелі побач з трэнерскай «біржай» у дэмакратычным суседстве з прэзідэнтам Міжнароднага звязу біятланістаў Андэрсам Бэсэбэргам. На шчырае пытанне карэспандэнта «Ведомостей», ці не турбуюць яго пустыя крэслы, ён паціснуў плячыма: «Гэта першы дзень. Людзі яшчэ не звыклі да гэтай арэны, яна вельмі далёка ад горада. Давайце паглядзім, што будзе далей».

Магчыма, Бэсэбэрг мае рацыю: простаму заўзятару патрэбная звычка, каб дапяць да «Лауры». Зрабіць гэта не так і проста. Шлях карэспандэнта «Ведомостей» заняў блізу дзвюх гадзін - і гэта пры тым, што журналісты ездзяць спецыяльна вылучанымі маршрутамі. Спачатку пад гадзіну язды ад мэдыя-вёскі да мэдыя-цэнтра «Горкі». Ад «Горак» - на мікробусе да канатнай дарогі. На канатцы - да станцыі «Прытулак-1». І адтуль на мікробусе - ужо да «Лауры». Пасля гэтага стала зразумела, чаму на комплексе стаяць плакаты на дзвюх мовах наступнага зместу: «Мы ведаем, што шлях быў цяжкі, і мы вельмі ганарымся вамі».

Фота: РIА Новости

Апошнія навіны