Пяць скандалаў, звязаных з Йосэфам Шагалам
- 14.02.2014, 10:11
Амбасадар Йосэф Шагал быў вядомы сваімі адыёзнымі заявамі яшчэ ў Ізраілі.
Пра найбольш гучныя скандалы, у якіх быў замяшаны дыпламат, піша «Наша Нiва».
Атрымліваў ордэн з рук Ільхама Аліева
Йосэф Шагал нарадзіўся ў Баку, дзе і пражыў да 1990 года. Быў членам КПСС. Быў намеснікам галоўнага рэдактара Дзяржаўнага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні Азербайджанскай ССР.
У 2011 годзе Шагал з рук прэзідэнта Азербайджана атрымаў ордэн «Дастлуг» (Дружбы) - вышэйшую ўзнагароду Азербайджана.
Азербайджан шмат разоў вінавацілі ў парушэнні правоў чалавека і фальсіфікацыі выбараў. У краіне за кратамі знаходзяцца некалькі дзесяткаў палітвязняў. Пры гэтым краіна мае прывілеяваныя адносіны з Ізраілем, які выбудоўвае ланцуг саюзнікаў вакол свайго патэнцыйнага праціўніка - Ірана.
Сарваў візіт міністра замежных спраў у Баку
У 2006 годзе паездка Йосэфа Шагала на радзіму ў Баку скончылася вялікім скандалам. Шэраг заяў гэтага чалавека прыцягнуў увагу не толькі ў Ізраілі і Азербайджане, але і ў Арменіі і Іране. У Тэгеране выказванні Шагала нават пачалі выкарыстоўваць у сваіх мэтах. Што ж нагаварыў дэпутат?
«Ізраіль падтрымлівае справядлівую пазіцыю Азербайджана ў нагорна-карабахскім канфлікце», - прычым казаў ён тое, не як прыватная асоба, а ад імя ўсяго Кнэсэта. У ізраільскіх СМІ меркавалі, што тыя заявы Шагала маглі паспрыяць умацаванню пазіцый Ірана ў Арменіі.
Сам Йосэф Шагал адказваў, што меў мала дыпламатычнага вопыту. Ізраіль у армяна-азербайджанскім канфлікце афіцыйна прытрымліваецца нейтралітэту.
З-за гэтых заяў на нейкі час быў адкладзены візіт міністра замежных спраў Ізраіля Цыпі Ліўні ў Баку.
Назваў дэпутата Кнэсэта «казлом»
Невялікі перыяд часу Йосэф Шагал быў дэпутатам ізраільскага Кнэсэта (парламента). Ён трапіў у спіс абраных ад нацыяналістычнай партыі «Наш дом Ізраіль» у Кнэсет 17-га склікання, які дзейнічаў з красавіка 2006 да кастрычніка 2008 года. Партыя абапіраецца пераважна на выхадцаў з былога СССР.
Падчас абмеркавання дэпутатамі пытання генацыду армянскага народа, спадар Шагал настолькі разгарачыўся, што назваў дэпутата Элькіна з партыі «Кадзіма» «казлом». Той меў неасцярожнасць нагадаць, што дэпутат-нябожчык ад «Наш дом Ізраіль» Юрый Штерн таксама выступаў за прызнанне генацыду армян. « Ты яшчэ Чэхава ўспомні, казёл, морду б табе набіць трэба», - сказаў па-руску Шагал.
«Тэма генацыду армян - гэта адзіная магчымасць ізраільскім палітыкам-маргіналам нагадаць пра сваё існаванне», - пазней сказаў Шагал.
Троліў журналістку Асю Істошыну
У 2006 годзе ў эфіры тэлеканала RTVi Шагал затроліў журналістку Асю Істошыну. Гаворка ішла пра ўваходжанне партыі «Наш дом Ізраіль» у шырокую кааліцыю. Вось некаторыя яго выказванні з таго інтэрв'ю.
«Ася, гэта псіхалогія хатняй гаспадыні... Хопіць ператварацца ў класічных ізраільцян».
«Ася, прабачце, вядома, але па-мойму вы сябе дрэнна адчуваеце, вам трэба прыняць вакцыну ад грыпу».
«Мне надакучыла ваша дэмагогія. Ася, давайце я вас трохі павучу, я вядучы ўсё ж больш дасведчаны».
«У вас ёсць нармальныя здаровыя пытанні? Вы мяне сустракаеце пяццю пытаннямі. У вас іншых паперак больш няма? Ну задайце якое-небудзь нармальнае пытанне».
«Паслухайце, вы мяне ведаеце. Я, я Йосэф Шагал, я журналіст, і я маю няшчасце выхаваць шмат вучняў, у тым ліку і няўдалых - гэта бывае».
«Вы памыляецеся як заўсёды, па азначэнні».
Не прызнае наяўнасці палітвязняў у Беларусі
У лютым 2012 года Йосэф Шагал толькі прыбыў на працу ў Беларусі. Падчас інтэрв'ю ён сказаў, што не ведае, ці існуюць у Беларусі палітвязні.
«Я - грамадзянін Ізраіля, у нас няма палітвязняў. Што да Беларусі, то я не ведаю, мне трэба пачытаць газеты. Праз паўгода я адкажу на ваша пытанне, - сказаў амбасадар. - Я журналіст і выдатна ведаю, як пішуцца артыкулы. Вы самі бывалі ў лагерах для палітвязняў?»
У гэтым годзе ў эфіры тэлеканала RTVi ён параўнаў беларускіх палітвязняў з палестынскімі тэрарыстамі.
«Я не кажу, што яны не палітвязні - з якога боку глядзець. З пункту гледжання крымінальнага кодэкса краіны, дзе іх пасадзілі, яны крымінальнікі. З пункту гледжання Польшчы ці Еўразвяза, яны палітвязні», - сказаў ізраільскі дыпламат.
На ўдакладняючае пытанне журналісткі «а з пункту гледжання Ізраіля?», Шагал адказаў: «З пункту гледжання нашага, яны крымінальнікі, так як у іх ёсць артыкул - за хуліганства, за кіданне камянёў, за абразу уладаў, ну і гэтак далей»