BE RU EN

Віталь Клічко: Мы пойдзем у наступ

  • 22.01.2014, 21:03

Лідар «удараў» заяўляе, што на перамовах не пачулі ад Віктара Януковіча ніякай рэакцыі на патрабаванні Майдану.

Пра гэта ён распавёў са сцэны Народнага веча ў Кіеве сёння ўвечары, піша «Украінская праўда».

«На пытанне ці збіраецца прэзідэнт разглядаць датэрміновыя выбары - адказу не атрымана. Ці магчымая адстаўка Кабміна - магчымая. Але трэба ўзгадніць на чарговай сесіі, якая збярэцца, і ПР павінна зацвердзіць, згодная яна будзе ці не, - сказаў ён. - Магчыма будуць скасаваныя законы, якія кожнага, хто пратэстуе ва Украіне ставяць у ранг злачынцы. Кожнага з вас, які знаходзіцца на плошчы, ужо могуць кінуць у турму».

Віталь Клічко адзначыў што перамовы прадоўжацца.

«У вас, прэзідэнт, ёсць магчымасць развязваць гэтае пытанне. Датэрміновыя выбары зменяць сітуацыю без крыві. Мы будзем рабіць усё, каб дамагчыся гэтага. Пачуйце людзей. Не ігнаруйце іх, - звярнуўся ён да Януковіча са сцэны. - Калі вы не будзеце чуць людзей, яны зробяць усё, каб вы іх пачулі. Заўтра, калі прэзідэнт не пойдзе насустрач, мы пойдзем у наступ. Іншага выхаду няма».

Нагадаем, сёння раніцай на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве пачалася жорсткая зачыстка. Спецназ і ўнутраныя войскі атакавалі барыкады, збудаваныя прысутнымі. Наступ суправаджаўся стрэламі. Сілавікі выйшлі за лінію згарэлых два дні таму аўтобусаў. На онлайн-трансляцыі было відаць, як людзі спрабуюць уцякаць, аднак міліцыянты іх даганялі і збівалі.

У выніку сутыкненняў, як мінімум, трое чалавек забітыя. Дваіх дэманстрантаў, сярод якіх беларус Міхаіл Жызнеўскі, застрэлілі сілавікі. Адзін з пратэстуючых зваліўся з каланады і памёр у рэанімацыі.

Фота: Reuters

Апошнія навіны