Стаўку ПДВ павысяць да 22%
- 31.07.2013, 13:23
Стаўка падатку на дададатковую вартасць у 2014 годзе можа вырасці з цяперашніх 20% да 22%.
А стаўка падатку на прыбытак - знізіцца з 18% да 12%. Паводле звестак БелаПАН, гэта прадугледжана падрыхтаваным законапраектам аб унясенні змяненняў у Падатковы кодэкс.
Распрацоўшчыкі законапраекта адзначаюць, што прапанова аб павышэнні стаўкі ПДВ у будучым годзе падрыхтаваная ў рамках работы па прыцягненню ў бюджэт дадатковых паступленняў.
Паводле ацэнак эканамічных уладаў, перагляд памеру ставак падаткаў прывядзе да некалькіх вынікаў. У прыватнасці, улады чакаюць, што ў выніку змяншэння велічыні падатку на прыбытак знізіцца падатковая нагрузка на экспарцёраў (якія пры экспарце тавараў ужываюць нулявую стаўку ПДВ).
Адначасова з гэтым, на думку распрацоўшчыкаў законапраекта аб унясенні змяненняў у Падатковы кодэкс, павышэнне стаўкі ПДВ павялічыць падатковую нагрузку на імпарт, у тым ліку спажывецкі.
Варта адзначыць, што падрыхтоўка законапраекта аб унясенні змяненняў у Падатковы кодэкс праходзіла без удзелу прадстаўнікоў беларускіх бізнес-асацыяцый. «З дзелавой супольнасцю прапановы, якія датычацца змянення ставак падаткаў, не абмяркоўваліся», - заявіў старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін.
Між тым, лічыць ён, прапанова аб планаваным павелічэнні стаўкі ПДВ з'яўляецца «дастаткова спрэчнай». «У нас стаўка падатку на дадатковую вартасць сёння і так вышэй, чым у нашых партнёраў па Адзінай эканамічнай прасторы», - канстатуе Аляксандр Калінін.
Старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі (БНПА) Аляксандр Швец лічыць, што адмоўны эфект ад павелічэння ПДВ будзе значна вышэй для бізнесу ў параўнанні са станоўчым уплывам, які можа мець зніжэнне стаўкі падатку на прыбытак.
«Зніжэнне падатку на прыбытак - фармальна нядрэнная ідэя. Аднак у параўнанні з павелічэннем ПДВ зніжэнне стаўкі падатку на прыбытак - дробная кампенсацыйная мера для бізнесу», - мяркуе Аляксандр Швец.
Прадстаўнікі камерцыйных структур таксама чакаюць адмоўныя наступствы ад падвышэння стаўкі ПДВ.
«Вытворцы павінны будуць узняць кошты, каб пасля павелічэння стаўкі ПДВ захаваць ранейшы ўзровень рэнтабельнасці. Аднак, павышэнне коштаў не стымулюе продажы прадукцыі», - адзначыў генеральны дырэктар буйной вытворчай кампаніі, якая рэалізуе больш за 90% вырабленай прадукцыі на ўнутраным рынку.
Улічваючы 11-адсоткавую рэнтабельнасць у сваёй галіне, топ-менеджэр кампаніі канстатаваў, што эфект ад зніжэння на 6 адсоткавых пунктаў стаўкі падатку на прыбытак дазволіць удзельнікам рынку дадаткова зарабіць парадку 0,6% ад абароту.
Аднак, павелічэнне ПДВ на 2 адсоткавых пункты можа аказаць негатыўны ўплыў на аб'ёмы продажаў і таму, лічыць гендырэктар кампаніі, чысты эфект ад зменаў у падатковым заканадаўстве можа быць для вытворцаў адмоўным. «У першым набліжэнні гэта здаецца відавочным», - адзначыў топ-менеджэр вытворчай кампаніі.
Варта адзначыць, што ПДВ у Беларусі з'яўляецца адным з галоўных бюджэтаўтваральных падаткаў. Па дадзеных за 2012 год, ПДВ прынёс у кансалідаваны бюджэт 28,8% усіх паступленняў. Уклад падатку на прыбытак у сукупныя паступленні кансалідаванага бюджэту склаў 12,4%.
Нагадаем, у 2009 годзе ўлады падвысілі стаўку ПДВ з 18 да 20%.