BE RU EN

Расейцам вернуць савецкія ўклады

  • 10.07.2013, 10:17

Мінфін РФ знайшоў спосаб вярнуць расейцам савецкія ўклады.

Міністэрства фінансаў унесла ва ўрад законапраект, з дапамогай якога дзяржава да 2020 года павінна цалкам разлічыцца перад грамадзянамі па савецкіх укладах, піша Lenta.ru.

Ведамства прапануе кампенсаваць грамадзянам усе ўклады, павялічыўшы іх памер у чатыры разы. Такім чынам, лічаць чыноўнікі, будзе ўлічаны рост коштаў, які адбыўся з распаду СССР.

Па падліках Мінфіна, на працягу наступных васьмі гадоў на гэтыя мэты спатрэбіцца 340 мільярдаў рублёў. У бюджэце 2014-2016 гадоў на кампенсацыю савецкіх укладаў запланавана 150 мільярдаў.

Міністэрства эканамічнага развіцця дакумент раскрытыкавала: у ведамстве лічаць, што Мінфін прадугледзеў для грамадзян недастатковыя кампенсацыі. У лісце ведамства, на які спасылаецца выданне, адзначаецца, што папярэдні план кампенсацыі ўкладаў прадугледжваў фактычную выплату 85 расейскіх рублёў за адзін савецкі.

У Мінэканамразвіцця лічаць, што Мінфін проста абраў найбольш камфортны для бюджэту варыянт. Законапраект варта дапрацаваць з улікам яго сацыяльнай значнасці, сцвярджаюць у міністэрстве.

Іншыя міністэрствы ўзгаднілі законапраект Мінфіна без заўваг.

У цяперашні час Ашчадны банк ужо выплачвае кампенсацыі па савецкіх укладах. Пры гэтым грамадзяне да 1945 года нараджэння атрымліваюць тры расейскіх рубля за адзін савецкі, а народжаныя пазней - па два.

Закон аб кампенсацыі ўкладаў быў прыняты Дзяржаўнай Думай ў 1995 годзе. Дакумент меркаваў, што ўклады будуць канвертаваныя ў дзяржаўныя каштоўныя паперы. Па падліках Мінфіна, калі ўрад выканае гэты закон, грамадзяне ў суме атрымаюць амаль 30 трыльёнаў рублёў, што створыць непад'ёмную нагрузку для бюджэту.

Гаворка ідзе пра ўклады ў Ашчадбанку, адкрытыя да 20 чэрвеня 1991 года, пра ўнёскі у Расдзяржстраху і ўкладанні ў дзяржаўныя каштоўныя паперы. У 1991 годзе пералічаныя фінансавыя інструменты абясцэніліся.

Нагадаем, кіраўнік Нацбанка Беларусі Надзея Ермакова ў гэтым годзе заяўляла, што ў бліжэйшы час выплат кампенсацый па савецкіх укладах чакаць не варта.

«Для гэтага з бюджэту краіны неабходна вылучыць вельмі вялікія грошы. Пакуль такой магчымасці ў дзяржавы няма», - казала яна.

Апошнія навіны