Новыя правілы на мяжы: з чамаданам - у «чырвоны» калідор
- 5.06.2013, 11:40
З 4 чэрвеня ўступілі ў сілу новыя крытэры, па якіх пасажыраў, якія перасякаюць мяжу, адпраўляюць на ўзмоцнены дагляд.
Блогер Юрый Губарэвіч апублікаваў фотакопію дакумента, у якім змяшчаюцца крытэры, па якіх памежнік у пункце пропуску павінен адправіць аўтамабіль ў «чырвоны» калідор для ўзмоцненага дагляду.
У катэгорыю падазроных не трапляюць толькі самотныя вадзіцелі з пустым, у прамым сэнсе гэтага слова, аўтамабілем: нельга везці нават чамадан. У «чырвоны» калідор патрапяць аўтамабілі, якія перасякалі мяжу больш аднаго разу на працягу 8 сутак, а таксама ўсе аўтамабілі з замежнай рэгістрацыяй.
У Дзяржпамежкамітэце Беларусі charter97.org пацвердзілі гэтую інфармацыю і заявілі, што калі аўтамабіль адпавядае новым крытэрам, то праходзіць пункт пропуску трэба праз «чырвоны» калідор.
Расшыфроўка фотакопіі:
Крытэры, у адпаведнасці з якімі супрацоўнікі органаў памежнай службы ў аўтадарожных пунктах пропуску інфармуюць службовых асоб мытных органаў аб выяўленых у «зялёным» калідоры транспартных сродках і таварах, якія ўязджаюць у Рэспубліку Беларусь з 4 чэрвеня 2013 года:
1. перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь транспартным сродкам больш 1 разу на працягу 8 сутак;
2. знаходжанне ў транспартным сродку 4 і больш асоб;
3. наяўнасць у салоне або багажным аддзяленні транспартнага сродку сумак, чамаданаў, пакетаў, скрынак, мяшкоў, цюкоў і іншых прадметаў, у якіх могуць знаходзіцца тавары, буйнагабарытных тавараў працяглага карыстання, у тым ліку былых ва ўжыванні;
4. перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь транспартным сродкам, які мае 8 і больш пасадачных месцаў, уключаючы кіроўцу, а таксама грузапасажырскімі і грузавымі транспартнымі сродкамі;
5. транспартны сродак зарэгістраваны на тэрыторыі замежнай дзяржавы.
У мэтах выканання дадзенага парадку:
пры выяўленні ў «зялёным» калідоры транспартнага сродку, які адпавядае названым крытэрам, супрацоўнікам органаў памежнай службы, у адпаведнасці з п.27 Інструкцыі аб парадку ўзаемадзеяння дзяржаўных кантрольных органаў пры пропуску праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь фізічных асоб, транспартных сродкаў і тавараў у пунктах пропуску, зацверджанай пастановай Дзяржпагранкамітэта і ДМК ад 31 кастрычніка 2011 года № 25/47, інфармаваць службовую асобу мытні з перадачай ёй кантрольнага талона.
Раней правілы перасячэння мяжы станавіліся больш жорсткімі 28 лістапада 2011 года, калі пачала дзейнічаць пастанова Савета Міністраў, паводле якой выязджаць за мяжу на аўтамабілі можна раз у 8 дзён. Пастанова была прынятая «для ўзмацнення мер па абмежаванні вывазу з краіны аўтамабільнага паліва». Быў устаноўлены кантроль як у дачыненні да асобы, якая перасякае мяжу ў якасці кіроўцы транспартнага сродку, так і ў дачыненні да самога аўтамабіля. Акрамя таго, была выключана норма, устаноўленая пастановай №753, якой прадугледжвалася непрымяненне абмежавання на вываз паліва грамадзянамі, якія перасякаюць мяжу па рабочых візах або выязджаюць на лячэнне.