Магілёўскія даішнікі затрымалі ўдзельніка акцыі «Стоп падатак» (Відэа)
- 21.12.2013, 8:52
Акцыя, прысвечаная патрабаванню адмяніць падатак на аўто прайшла ўчора ў цэнтры Магілёва.
Два аўтамабілі павольна ездзілі вакол Дома Саветаў з уключанай аварыйнай сігналізацыяй ў знак пратэсту супраць ўвядзення пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Час ад часу да іх далучаліся іншыя машыны, піша БелаПАН.
Акцыя пачалася пасля 18.00. Два аўтамабілі «Дэў-Матыз» рухаліся па коле на вуліцах Першамайскай, Язерскай, Ленінскай і праспекце Міра. Пасля некалькіх колаў адзін аўтамабіль, што кіраваўся аўтамабілістам Дзянісам быў спынены супрацоўнікамі ДАІ насупраць Дома Саветаў на праспекце Міру.
Праверыўшы дакументы і зверыўшы іх дадзеныя з нумарамі кузава, яны заявілі, што нібыта з падобнымі нумарамі існуе яшчэ адзін такі аўтамабіль, і запатрабавалі ад кіроўцы праехаць у Ленінскі РАУС для разбору. Кіроўца «Матыза» не згаджаўся - у яго адабралі пасведчанне кіроўцы і выдалі нейкую паперу. Дзяніс адмовіўся яе падпісваць, паколькі там не было пазначана, з якой нагоды канфіскаваныя дакументы.
Супрацоўнікі ДАІ змянілі свае патрабаванні, вярнулі дакументы кіроўцу, зноў агледзелі аўтамабіль і параілі самому разабрацца ў сітуацыі, паколькі «могуць узнікнуць праблемы пры выездзе за мяжу».
Рух па цэнтральных вуліцах Магілёва быў дастаткова ажыўленым, нягледзячы на тое што ў іншыя дні ў гэты час ён абцяжараны праз заторы. Разам з тым было відаць, што патруль ДАІ ў цэнтры горада быў значна ўзмоцнены як асабістым складам, так і супрацоўнікамі іншых службаў міліцыі.
Акцыя «Стоп падатак» супраць ўвядзення пошліны на аўто прайшла ўчора ў многіх гарадах Беларусі. Самай шматлікай яна была ў Менску. Сталічныя аўтамабілісты спынілі рух па праспекце Незалежнасці амаль на гадзіну. Акцыю падтрымалі сотні мінакоў.