Траціна менскіх таксістаў стала нелегаламі
- 26.10.2013, 8:16
Прычына - у новых правілах атрымання таксометраў.
Выклікаць таксі ў Менску вечарам пятніцы ці суботы - сапраўдная праблема. Бывае, паўгадзіны набіраеш нумары розных службаў і чуеш: «Выбачайце, свабодных аўтамабіляў цяпер няма». Таксісты кажуць, што прычына дэфіцыту самаходаў - у новых правілах стандартаў таксометраў, якія ўвайшлі ў дзеянне з 1 ліпеня. Менавіта з гэтай даты ў самаходзе-таксі павінен стаяць таксометр «Белтакс», які адпавядае прынятым дзяржстандартам.
Цяпер купіць правільны таксометр праблематычна. Ліст чакання - у найлепшым выпадку два месяцы. У перакупнікаў кошты празмерныя: замест 3,2 мільёна рублёў (афіцыйная цана. - Рэд.) просяць 6-7 мільёнаў. Вось і сыходзяць таксісты ў нелегалы, піша «Комсомольская правда в Беларуси».
На сайце фірмы «Альтэрнатыўныя тэхналогіі», якая вырабляе таксометры «Белтакс», гаворыцца пра тое, што вытворца дысплэяў затрымлівае пастаўкі.
«Яны просяць у нас прадукцыі больш, чым мы можам фізічна вырабіць, - кажа дырэктар УП «Дысплэй» Георгій Казак. - Нас папярэджвалі ў мінулым годзе, што трэба павялічыць выраб да 3,5 тысячы дысплэяў. Думалі, што расцягнем усё на год. Але цяпер з нас патрабуюць па 1 - 1,5 тысячы дысплэяў у месяц! Гэта нерэальна. Да таго ж у нас сур'ёзныя замовы з боку буйных расейскіх і беларускіх прадпрыемстваў, якім мы таксама не можам адмовіць».
Для таго, каб павялічыць аб'ёмы вырабу таксометраў, трэба закупіць сур'ёзнае абсталяванне, якое сабе могуць дазволіць хіба што з дзясятак прадпрыемстваў свету.
«Але нават калі гэта зрабіць, то што рабіць з абсталяваннем потым? Яно сябе не акупіць. У снежні мінулага года ніхто і не думаў, што з 1 ліпеня ўвядуць новыя правілы для таксометраў. Вось ні мы, ні «Альтэрнатыўныя тэхналогіі» папросту не паспелі зрабіць запас прадукцыі. Паверце, цяпер усё адгружаецца і пастаўляецца. У вялікіх аб'ёмах», - сказаў ён.
«Калі ў снежні стала вядома, што з 1 ліпеня ўводзяцца новыя патрабаванні да таксометраў, мы зрабілі запас у тысячу адзінак. Але таксісты да нас не звярталіся, - распавёў дырэктар УП «Альтэрнатыўныя тэхналогіі» Віталь Кавалеўскі. – Толькі запасу індыкатараў не было, якія вырабляе УП «Дысплей». Таксісты ж пачалі масава прыходзіць толькі ў другой палове чэрвеня. У перыяд адпачынкаў пастаўкі індыкатараў прыпыніліся. Мы толькі цяпер пачалі атрымліваць па 450-500 патрэбных дэталяў у месяц. Але! На рынку зарэгістравана 13 тысяч вознікаў. Выраблена і рэалізавана ўжо амаль 13 тысяч таксометраў! А ў лісце чакання - яшчэ паўтары тысячы ахвотных... Некаторыя таксісты замаўляюць у нас па пяць лічыльнікаў. Яны самі кажуць, што рынак вознікаў перанасычаны ледзь не ўдвая. Я ведаю дырэктараў службаў таксі, якія кажуць, што не могуць атрымаць у нас таксометры. Самі ж штомесяц з мінулага года пішуць лісты, што таксометры на іх прадпрыемствах не эксплуатуюцца і таму не будуць прадстаўлены на тэхнічнае абслугоўванне. Навошта ім тады таксометры? Каб пакласці на паліцу?
Фота: bymedia.net