«Невыязны» Лябедзька судзіцца з МУС і Мінюстам
- 9.07.2012, 10:53
17 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна Менска будзе разгледжаны пазоў Анатоля Лябедзькі да МУС і міністэрства юстыцыі, пададзены ў сувязі з унясеннем яго ў спіс невыязных.
7 сакавіка бягучага года лідэра АГП, які выязджаў у Літву, затрымалі беларускія памежнікі. Пасля кансультацый яму было заяўлена, што ён знаходзіцца ў спісах грамадзян, якім забаронена пакідаць Беларусь, паведамляе прэс-служба АГП.
Анатоль Лябедзька звярнуўся ў суд, аднак яго зварот больш за тры месяцы праляжаў у судзе Цэнтральнага раёна Менска. Як патлумачылі палітыку, гэта звязана з «вялікай загрузкай суддзяў».
Сам Анатоль Лябедзька тлумачыць сітуацыю так: «Улада патроху сыходзіць з розуму. Тое, што адбываецца нельга растлумачыць ні з прававога пункту гледжання, ні з пазіцыі здаровага сэнсу. Гэта адкрытая дыскрымінацыя грамадзян па палітычных поглядах ".