BE RU EN

Менгарсуд адмовіўся разглядаць скаргу АГП

  • 16.07.2012, 16:56

Менскі гарадскі суд адмовіў ва ўзбуджэнні справы па скарзе Аб'яднанай грамадзянскай партыі на фарміраванне акруговых выбарчых камісій.

Сваю адмову суддзя Менгарсуда О.А.Рамашэўская матывавала тым, што скарга павінна быць падпісана кіраўніком партыі, а не намеснікам старшыні АГП, як было зроблена, паведамляе прэс-служба АГП.

На думку лідэра партыі Анатоля Лябедзькі, «гэта занадта свабоднае тлумачэнне судом закона». Бо, як і любы кіраўнік, кіраўнік партыі можа быць у адпачынку, працяглай камандзіроўцы або ў бальніцы. На момант напісання скаргі Анатоль Лябедзька быў у ад'ездзе, і лагічна, што скарга была пададзена яго намеснікам.

Нагадаем, 11 ліпеня АГП звярнулася ў суд са скаргай аб прызнанні незаконным рашэнне прэзідыума Менгарсавета і Менгарвыканкама «Аб стварэнні акруговых выбарчых камісій па «выбарах» дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў» Рэспублікі Беларусь пятага склікання». У прыватнасці, гаворка ішла пра тое, што з 9 прадстаўнікоў АГП у склад камісій быў уключаны толькі адзін чалавек, што, як адзначаецца ў скарзе, парушае канстытуцыйныя правы грамадзян на ўдзел у выбарах і з'яўляецца дыскрымінацыйным у адносінах да АГП. Аб'яднаная грамадзянская партыя патрабавала прызнаць незаконным рашэнне прэзідыума Менгарсавета і Менгарвыканкама і абавязаць іх прыняць новае рашэнне аб утварэнні камісій.

Апошнія навіны