Праваабаронца Андрэй Бандарэнка судзіцца з БТ
- 7.06.2012, 11:18
Папярэдняе паседжанне прайшло сёння ў Першамайскім судзе Менска.
Бандарэнка абвінавачвае БТ у абразе свайго гонару і годнасці. Нагодай стаў сюжэт у праграме «У цэнтры ўвагі», які паказалі на тэлеканале «Беларусь-1» 11 снежня мінулага года. У прыватнасці, у праграме адзначалася, што Бандарэнка «праходзіў па справе аб махлярстве ў асабліва буйным памеры» і нібыта ў яго ёсць нейкая крымінальная мянушка, перадае «Еўрарадыё».
Нагадаем, што Бандарэнку насамрэч асудзілі, аднак потым гэты прысуд быў адменены з-за адсутнасці складу злачынства, а самога вязня цалкам апраўдалі.
На паседжэнні 7 чэрвеня прадстаўнік БТ Віталь Карплюк з'явіўся з тэлесюжэтам, прысвечаным Бандарэнку. Аднак праваабаронца заявіў, што сюжэт быў прадстаўлены не цалкам.
Суд пастанавіў правесці наступнае паседжанне 21 чэрвеня, бакі павінныя прадаставіць тэлесюжэт цалкам. Дарэчы, прадстаўнік тэлеканала паведаміў, што аўтар сюжэту, нейкі Мартыненка, на БТ ужо не працуе.