Кожнаму міністру - па стратнаму прадпрыемству
- 11.05.2012, 11:59
Саўмін РБ пачаў заўзята выконваць свежыя даручэнні Лукашэнкі.
На працягу месяца кожны прадстаўнік урада атрымае праблемнае прадпрыемства пад персанальную адказнасць, заявіў сёння прэм'ер Міхаіл Мясніковіч, тым самым прыступіўшы да выканання аднаго з даручэнняў Лукашэнкі, агучаных у адступленні ад тэксту паслання «парламенту» і народу, перадае АФН.
«Пад персанальную адказнасць за кожным сябрам урада ў месячны тэрмін будуць замацаваныя, як гэтага і патрабуе Лукашэнка, праблемныя прадпрыемствы», - заявіў Мясніковіч.
Гаворка ідзе аб буйных прадпрыемствах са штатам каля 15 тыс. чалавек і сярэдняй заработнай платай 1,5 млн. рублёў.
«Гэта ганебныя паказчыкі для кіраўнікоў прадпрыемстваў. У асноўным гэта прадпрыемствы легпрама. І такое становішча спраў - сур'ёзны недахоп у працы ўрада. Праблемнымі прадпрыемствамі будуць займацца першыя асобы рэгіёнаў і міністэрстваў і несці персанальную адказнасць», - абураўся Мясніковіч, як быццам бы сам ўпершыню ад Лукашэнкі даведаўся пра існаванне такіх прадпрыемстваў.
Як паведамлялася, Лукашэнка даручыў Мясніковічу рассекчы «гордзіеў вузел» на Баранавіцкім баваўняным камбінаце, першаму віцэ-прэм'еру У.Сямашку ў пакаранне за частыя наведванні кабінета Лукашэнкі з працягнутай рукой дастаўся Аршанскі ільнокамбінат, а віцэ-прэм'еру Русаму - камвольны - дзейны і/ці новы - камвольны камбінат.