Беларусам прапанавалі адмовіцца ад «ранняй» пенсіі
- 16.03.2012, 13:10
Беларускіх пенсіянераў чакае чарговы «падарунак» ад уладаў.
Пытанне аб неабходнасці ўдасканалення пенсійнай сістэмы было разгледжанае сёння на нарадзе ў Лукашэнкі.
«Удасканальваючы пенсійную сістэму, мы адкідаем варыянт, па якім пайшлі Еўропа, Украіна, іншыя краіны, - павышэнне пенсійнага ўзросту. Мы не можам зараз на гэта пайсці», - адзначыў Лукашэнка.
«Усе краіны вакол, акрамя нас, і Расея ўжо падумвае павялічыць пенсійны ўзрост. Мы абяцалі нашым людзям, што мы пакуль на гэта не пойдзем», - сказаў Лукашэнка. «І людзі просяць нас не рабіць гэтага», - дадаў ён. Па словах кіраўніка, «гэтым абумоўленае тое, што ў нас адносна невялікія пенсіі, але ў адпаведнасці з коштамі, пенсіі, нават калі параўнаць з Расеяй, у нас не горшыя». Акрамя таго, канстатаваў А.Лукашэнка, «мы своечасова іх выплачваем, у нас вялікі сацыяльны пакет, у тым ліку для пенсіянераў».
Разам з тым, адзначыў т.зв. прэзідэнт, «паколькі ў нас вельмі шмат пенсіянераў і падае прырост насельніцтва, нам нікуды не падзецца, як трымаць на невысокім узроўні пенсіі».
Гаворачы аб неабходнасці ўдасканалення пенсійнай сістэмы, А.Лукашэнка прапанаваў знайсці выхад, каб стымуляваць людзей да позняга звароту за пенсіяй. «Трэба прастымуляваць пенсіянераў, трэба ім даць нейкі адсотак да пенсіі, калі яны будуць пазней за пенсійны ўзрост звяртацца за пенсіяй», - патлумачыў ён. «Трэба прастымуляваць людзей значна, каб гэта было важка - звяртацца за пенсійнай дапамогай у больш позні перыяд, але, не націскаючы на людзей і не падвышаючы штучна або адміністрацыйна пенсійны ўзрост», - працягнуў А.Лукашэнка. «Не захацеў чалавек пазней звяртацца за пенсіяй - у яго павіннае быць такое права. Гэта значыць, мы павінныя прапанаваць альтэрнатыўны варыянт», - заявіў кіраўнік.
Пры гэтым А.Лукашэнка падкрэсліў, што «ніякага папулізму тут не павінна быць». «Калі мы робім крокі, то гэта павінныя быць крокі, якія б не пагаршалі фінансавую сітуацыю».
Нагадаем, у Беларусі мужчыны жывуць на 11-15 гадоў, а жанчыны на 5-10 гадоў менш, чым у развітых краінах свету. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын у Беларусі складае 64 гады, жанчын - 76 гадоў.