Адама Бяляцкага аштрафавалі на 350 тысячаў
- 23.08.2011, 13:20
Справу разглядаў намеснік старшыні суду Цэнтральнага раёну Леанід Ясіновіч, паведамляе «Вясна».
Суддзя адмовіў абвінавачанаму ў праглядзе матэрыялаў відэаздымкі, паколькі не было вядома, адкуль такія матэрыялы можна ўзяць. Не выходзячы ў дарадчы пакой, суддзя вынес прысуд - штраф у памеры 10 базавых велічыняў (350 тысяч рублёў).
Нагадаем, што аўтамабіль, якім кіраваў Адам Бяляцкі, увечары 22 жніўня, падчас правядзення акцыі пратэсту супраць падаражэння бензіну, спыніўся на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і Машэрава непадалёк ад Плошчы Перамогі. Кіроўца уключыў аварыйку і быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ. Аўтамабіль пагрузілі на эвакуатар, а Адаму Бяляцкаму апранулі кайданкі, пасадзілі ў машыну ДАІ з бартавым нумарам 649 і даставілі ў Цэнтральны РУУС.
Паводле папярэдняй інфармацыі на яго склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне арт. 17.1 КаАП РБ - дробнае хуліганства.