Польскія дэпутаты за большую салідарнасць з беларускім грамадствам
- 19.08.2011, 16:33
Прэзідыумы Камісіі па замежных справах і Камісіі па сувязях з замежжам польскага парламента заклікаюць ўрад выказаць большую салідарнасць з беларускім грамадствам.
На сённяшнім пасяджэнні ў Сейме гэтыя прэзідыумы звярнуліся да ўрада з просьбай прыпыніць дзеянне польска-беларускага пагаднення аб спрашчэнні зносінаў пракуратур абедзвюх краін пры аказанні прававой дапамогі ў крымінальных справах, паведаміла «Радыё Свабода».
Згодна з дамовай, падпісанай у 2002 годзе, абласныя пракуратуры Беларусі маюць права звяртацца за такой інфармацыяй наўпрост да акруговай пракуратуры ў Польшчы, абыходзячы Міністэрства юстыцыі і Генеральную пракуратуру ў Варшаве.
Польскія дэпутаты, маючы на ўвазе выдачу акруговай пракуратурай у Варшаве банкаўскай інфармацыі Алеся Бяляцкага беларускім уладам, хочуць, каб абмен прававой інфармацыяй паміж Польшчай і Беларуссю зноў стаў цэнтралізаваным, як гэта прадпісвала дамова аб прававой дапамозе з 1994 года.
Адначасова прэзідыумы Камісіі па замежных справах і Камісіі па сувязях з замежжам заклікалі Польскае тэлебачанне аказаць большую падтрымку тэлеканалу Белсат, які вяшчае з Польшчы на Беларусь.