Аблавы на валютчыкаў
- 22.07.2011, 11:22
Супрацоўнікі міліцыі спынілі дзейнасць групы валютчыкаў, якая складаецца з грамадзянаў Беларусі, Азербайджана і Ірана, паведамляе ГУУС Менгарвыканкама.
Арганізатар незаконнай дзейнасці 40-гадовы грамадзянін Азербайджана быў затрыманы на рынку «Экспабел» пры заключэнні чарговай угоды па абмене даляраў ЗША на беларускія рублі. Па наяўнай у міліцыянтаў інфармацыі, з чэрвеня гэтага года азербайджанец, шляхам прыцягнення да сваёй дзейнасці 5 памочнікаў з ліку грамадзянаў Ірана і Беларусі, атрымаў прыбытак звыш 50 мільёнаў рублёў, а сумы некаторых угод даходзілі да 30-40 тысяч даляраў ЗША.
На дадзены момант у дачыненні да валютчыка ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 233 КК Рэспублікі Беларусь («Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць»). Таксама вырашаецца пытанне аб прыцягненні да крымінальнай альбо адміністрацыйнай адказнасці памагатых затрыманага, якія ажыццяўлялі непасрэдную скупку валюты.