Выбух у метро: чаму маўчыць следства?
- 12.07.2011, 14:13
Прайшло тры месяцы з дня тэракту ў менскім метро. Аднак следства яшчэ далёкае ад заканчэння.
Трагедыя адбылася ў панядзелак, 11 красавіка ў 17:55, на станцыі метро «Кастрычніцкая». У выніку тэракту загінулі і памерлі ад атрыманых раненняў 15 чалавек. Каля 200 былі шпіталяваныя.
Праваахоўным органам спатрэбіліся ўсяго адныя суткі на затрыманне меркаваных тэрарыстаў, прозвішчы якіх пакуль не выдаюцца. Паводле следства, тыя ж людзі адказныя за выбухі ў Віцебску і тэракт на Дні незалежнасці.
Папярэднія злачынствы не былі кваліфікаваныя, як тэракты, што, па словах праваабаронцы Гары Паганяйла з'яўляецца велізарнай памылкай следчых органаў. Такім чынам яны не змаглі прадухіліць наступныя трагедыі.
Тым часам, аб ходзе следства амаль нічога не вядома. Частка беларусаў верыць у афіцыйную версію следства, аднак ёсць тыя, хто не выключае і іншага сцэнара развіцця падзеяў.
Чакаецца, што суд над падазраванымі ў здзяйсненні тэракту будзе адкрытым. «Тое, што следства хоча пусціць грамадскасць на суд - гэта я веру, аднак у нас ёсць нехта вышэйшы, хто можа вырашыць інакш», - лічыць Сяргей Сацук, які спецыялізуецца на журналісцкіх расследаваннях.
На ягоную думку, закрытае судовае разбіральніцтва будзе негатыўнай акалічнасцю для следства. «Маўляў, ім ёсць што хаваць і з расследаваннем справы не ўсё так чыста, таму сам факт - будзе суд адкрыты ці не - будзе сведчыць пра многае», - падкрэсліў эксперт. Пры гэтым нават калі працэс будзе адкрыты, некалькі пасяджэнняў могуць прайсці за зачыненымі дзвярыма, калі будуць агучвацца акалічнасці спосабу вырабу бомбы ці аператыўная інфармацыя аб пошуку падазраваных.
Сацук таксама адзначыў, што ў расследаванні ёсць некалькі супярэчнасцяў. Так, па самай першай версіі, агучанай у СМІ, бомба была нашпигаваная кавалкамі арматуры, аднак не згадваліся шарыкі ад падшыпнікаў. Пра наяўнасць гэтых элементаў паведамілі пасля ператрусаў у падазраваных.
З гэтым згодны палкоўнік спецслужбаў Уладзімір Барадач.
- Абвінавачаным лепяць новыя злачынствы для пераканаўчасці. Народ спрэс адкінуў дачыненне дадзеных людзей да выбуху ў Менску, што не пад сілу не кожнаму профі без пэўных сувязяў у вышэйшых колах улады. Зараз прыкрыюць гэтыя жахлівыя злачынствы дробнымі «свавольствамі», якіх будзе таксама дастаткова для сур'ёзнага крымінальнага пакарання. Акрамя таго, створаць вобраз закаранелага злачынцы, паспелага паступова і для гучных палітычных злачынстваў. Следства не кажа ўжо пра тое, што металічнае начынне выбухоўкі ў метро была не з Віцебскага завода, а зусім з супрацьлеглага боку Беларусі. Вось толькі наяўныя абвінавачаныя там не працавалі. І забойны аргумент следства, што злачынствам спадарожнічалі многія грамадзяне і нават служачыя, нагадвае выраз Лукашэнкі «ў крызісе вінаватыя самі людзі...». Хлусня працягвае радавацца, прыкрываючы безгрунтоўнасць і злачыннасць улады, - падкрэсліў палкоўнік Барадач.